Пракуратура не заступілася за мінчукоў, у якіх міліцыя забрала БЧБ-шторы
Шторы на лоджыі / фота ад героя матэрыялу
Гарадская пракуратура не стала абараняць мінчукоў, у якіх супрацоўнікі міліцыі забралі БЧБ-шторы. Пра гэта Еўрарадыё расказаў Аляксандр — гаспадар кватэры, у якую прыходзілі міліцыянты.
"Падчас правядзення праверкі фактаў парушэння дзейнага заканадаўства, а таксама службовай дысцыпліны з боку супрацоўнікаў АУС не выяўлена", — напісана ў адказе на яго зварот.
"Пратакола аб адміністрацыйным парушэнні няма, пратакола аб канфіскацыі няма, штор няма і ўсё па законе! — абураецца Аляксандр. — Буду абскарджваць у ГУУС, але там, хутчэй за ўсё, таксама будзе адпіска".
3 жніўня ў кватэру, дзе жывуць минчукі Аляксандр і Дар'я, некалькі разоў прыходзілі міліцыянты. Па словах мужа і жонкі, гасцям не спадабаліся бел-чырвона-белыя шторы, якія віселі да гэтага на балконе некалькі тыдняў, і яны знялі іх без складання пратаколу аб канфіскацыі. У гэты час Аляксандра не было дома. Паводле яго слоў, напрыканцы Дар'і сказалі: "Пасля 9-га вешайце што хочаце".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.