Прайшло першае пасяджэнне аргкамітэта кангрэса дэмакратычных сілаў
29 снежня ў Мінску прайшло першае пасяджэнне аргкамітэта кангрэса дэмакратычных сілаў. Ён запланаваны на вясну 2016 года для "публічнай кансалідацыі беларускага грамадства".
У сённяшнім пасяджэнні паўдзельнічалі экс-кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, лідар руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык. Рашэнні аргкамітэта былі ўзгоднены з былым старшынёй Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам, з экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым, якога будзе прадстаўляць у аргкамітэце актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі, а таксама з адным з лідараў маладафронтаўцаў Змітром Дашкевічам, інфармуе Радыё Свабода.
Паводле слоў Мікалая Статкевіча, у аргкамітэце на сённяшні дзень 8 чалавек і ён будзе працаваць "без камуністаў і гэбістаў". Былі прынятыя мэты кангрэсу: кансалідацыя дэмакратычных сілаў, прыняццё іх агульнай стратэгіі дзеянняў і прыняццё стратэгіі захавання і развіцця Беларусі.
Статкевіч лічыць, што вылучэнне дэлегатаў на кангрэс павінна адбывацца на сходах у рэгіёнах. І нават калі кіраўніцтва некаторых арганізацый не падтрымае мерапрыемства, іх чальцы могуць на ім быць прадстаўленыя. Хаця такой сітуацыі і варта пазбегнуць, кажа апазіцыйны палітык.
Здымак з архіву. Фота: nn.by