Праз 50 гадоў аповесць Быкава ўпершыню выйдзе без цэнзуры (фота)
Даследчык Сяргей Шапран “адмыў” больш за 200 правак у тэксце аповесці “Мёртвым не баліць”.
А таксама высветліў, што першапачаткова твор “Мёртвым не баліць” мусіў называцца “Ноч пасля свята”. Сам Васіль Быкаў шкадаваў, што не захаваўся першы варыянт аповесці. Але ўжо пасля смерці пісьменніка яго сыны знайшлі ў гарадзенскай кватэры, дзе некалі жыў Быкаў, тыя самыя тэчкі і перадалі даследчыку творчасці Быкава Сяргею Шапрану.
На вокладцы змешчаны аўтарскі малюнак Васіля Быкава.
Такім быў Васіль Быкаў, калі пісаў “Мёртвым не баліць”. Ліпень 1964 года. Фота Уладзіміра Крука.
Сяргей Шапран: “Справа ў тым, што ўжо пасля смерці Васіля Быкава яго сыны Сяргей і Васіль двойчы перадавалі мне для даследавання шматлікія машынапісы і рукапісы свайго бацькі, дык вось, сярод іншага там была і папка з назвай: “Черновик “Ночи после праздника”. І быў пазначаны год — 1965-ы. “Ноч пасля свята” — гэта ранняя назва аповесці, ад якой Быкаву прапанаваў адмовіцца Пімен Панчанка. Дарэчы, і машынапіс твора, які Быкаў лічыў страчаным, насамрэч, захаваўся ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, куды быў перададзены пасля публікацыі ў 1965 годзе ў часопісе “Маладосць”, галоўным рэдактарам якога ў той час быў якраз Пімен Панчанка”.
Сяргей Шапран
Пры параўнанні аўтарскай рэдакцыі і варыянта, які мы ўсе ведаем з кніжак, выявілася, што на 260 старонках савецкія цэнзары зрабілі больш за 200 правак: ад выкідання аднаго слова да выразання цэлых старонак!
Сяргей Шапран: “Выкрэсліваліся і асобныя словы, і цэлыя сказы, і нават старонкі, прычым, рабілі гэта адразу некалькі рэдактараў. З чыста цэнзурных меркаванняў выкрэслівалі імёны Сталіна і Берыі, а таксама любое прыгадванне культу асобы Сталіна. Асаблівая ж увага была нададзеная аднаму з галоўных персанажаў аповесці — асабісту Сахно, якога Быкаў першапачаткова зрабіў афіцэрам СМЕРШа, але пасля сам жа вымушаны быў зрабіць яго ўсяго толькі штабным афіцэрам. Дык вось, шмат якія негатыўныя ацэнкі Сахно рэдактурай былі таксама ці папраўленыя, ці наогул скарочаныя. Скажам, наступны сказ: “Няўжо ён такі і павінен быць паводле ягонай пасады? Якая тады нялюдская тая пасада!” Ці яшчэ такая характарыстыка Сахно: “Хутчэй, свядомы, хладнакроўны шкурнік. Людзі для яго былі пешкі. А ён сабе — бог”. Тое ж самае тычыцца і своеасаблівага двайніка Сахно, былога старшыні Ваеннага трыбунала Гарбацюка. У той рэдакцыі “Мёртвым не баліць”, якая друкуецца вось ужо амаль паўстагоддзя, няма, да прыкладу, такіх характарыстык Гарбацюка: “тыповы культаўскі рудымент”, “культаўскі паследыш”, “дробязны асколак культу”. Наогул кажучы, шмат яшчэ што было скарочанае ў быкаўскай аповесці, бо, як кажа адзін з яе герояў, “не той матар’яльчык”. Дарэчы, гэтыя словы таксама былі выкрасленыя”.
Фрагменты чарнавіка аповесці, які быў знойдзены ў гарадзенскай кватэры Быкава ўжо пасля ягонай смерці.
Фрагмент машынапісу “Мёртвым не баліць” 1965 года, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Але нават у такім “парэзаным” варыянце кніга ішла да чытачоў доўгія 17 гадоў: напісаная ў 1965 годзе, аповесць выйшла кнігай толькі ў 1982-м.
Сяргей Шапран: “Аднак нават у 1982 годзе па патрабаванні Галоўліта ў “Мёртвым не баліць” былі зробленыя новыя купюры. У такім выглядзе аповесць і вядомая сённяшняму чытачу, бо ніводная рэдакцыя “Мёртвым не баліць” не з’яўляецца непадцэнзурнай, у тым ліку, і першае кніжнае выданне аповесці, якое выйшла ў 1965 годзе ў Мюнхене — яно рыхтавалася паводле публікацыі ў часопісе “Маладосць”. Зрэшты, не толькі беларусы — увесь свет чытае адцэнзураванага Быкава. Аднак, спадзяюся, пасля выхаду непадцэнзурнага выдання “Мёртвым не баліць” сітуацыя гэтая пачне пакрыху змяняцца”.
З пісьменнікам Алесем Адамовічам (справа) і дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” Міхалам Дубянецкім (злева), дзякуючы якому твор праз 17 гадоў забароны нарэшце пабачыў свет. 1980-я гады. Фота Уладзіміра Крука.
Заяўка ў выдавецтва “Беларусь” на выданне аповесці “Ноч пасля свята” (“Мёртвым не баліць”) 1965 года. Кніга выйшла толькі праз 17 год пасля гэтай заяўкі.
Кніга ўжо цалкам падрыхтаваная, хутка будзе здадзеная ў друк. Але падпісацца на кнігу і атрымаць яе са зніжкай можна ўжо цяпер.
Сяргей Шапран: “Я вельмі ўдзячны бізнэсоўцу і мецэнату Паўлу Бераговічу, дзякуючы якому яна і ўбачыць свет, і пры гэтым будзе каштаваць мінімальных грошай, будзе даступная кожнаму. У кнізе ўсе праўкі цэнзурнага характару будуць вылучаныя маркерам і адзначаныя “нажнічкамі”. Апроч гэтага, да кожнай праўкі ў канцы кнігі змешчаныя падрабязныя каментарыі”.
Падчас выступу на з’ездзе саюза пісьменнікаў, на якім ад Быкава чакалі “пакаяння” за твор. Травень 1966 года. Фота Уладзіміра Крука.
Прыкра, што хоць савецкай цэнзуры даўно няма, творы Быкава, ды і іншых аўтараў, і па сёння друкуюцца ў тым, падцэнзурным варыянце.
Сяргей Шапран: “Зразумела, што “адмываць” трэба ўсе буйныя творы Быкава, якія былі напісаныя ў перыяд з канца 1950-х і да пачатку 1980-х гадоў. Між іншым, ужо цяпер ідзе праца над непадцэнзурнай рэдакцыяй яшчэ адной аповесці Быкава. Спадзяюся, што яна ўбачыць свет якраз напярэдадні 90-годдзя Васіля Быкава”.
З Андрэем Макаёнкам (злева) і Генадзем Бураўкіным (справа). Фота Уладзіміра Крука.