Прэм'ер-міністр Польшчы: за мігрантаў на тэрыторыі Беларусі адказвае Беларусь
Матэуш Маравецкі на беларуска-польскай мяжы
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі прыехаў на беларуска-польскую мяжу ў Кузніцы. Там ён пракаментаваў сітуацыю з мігрантамі.
У прыватнасці, Маравецкі назваў тое, што адбываецца, гібрыднай атакай на Еўрасаюз:
"Наш усходні сусед спрабуе дэстабілізаваць палітычную сітуацыю. Гэта спроба заключаецца ў тым, што дастаўляюцца мігранты, у асноўным з Ірака, і гэтых мігрантаў транспартуюць на беларуска-польскую мяжу".
Польскі прэм'ер усклаў усю адказнасць за тое, што адбываецца з мігрантамі, на беларускі бок, бо ў цяперашні момант яны знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У прыватнасці, невялікая група мігрантаў заціснутая паміж беларускімі і польскімі памежнікамі з 18 жніўня.
"Яны знаходзяцца на беларускім баку, і Беларусь нясе за іх поўную адказнасць, поўную адказнасць у адпаведнасці з міжнародным правам", — заявіў Моравецкий. І дадаў, што мігранты прыязджаюць у Беларусь легальна, маючы беларускія візы, таму па міжнародным заканадаўстве маюць права знаходзіцца ў Беларусі: "У Мінску знаходзіцца прадстаўніцтва Вярхоўнага камісара ААН па справах ўцекачоў. Калі на беларускім баку нехта хоча прасіць аб статусе ўцекача, хай робіць гэта ў Мінску".
Каб дапамагчы мігрантам, якія не могуць пакінуць мяжу, Польшча падрыхтавала гуманітарны канвой. Па стане на вечар 24 жніўня фура з рэчамі для ўцекачоў прыбыла на беларуска-польскую мяжу. Аднак па рэакцыі беларускага МЗС на сітуацыю незразумела, ці пусцяць яе на тэрыторыю Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.