Прэм’ерам Брытаніі другі раз у гісторыі стане жанчына
Прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі другі раз у гісторыі стане жанчына. Пасля чарговага раўнда галасавання за новага лідара Кансерватыўнай партыі з гонкі выбыў міністр юстыцыі Майкл Гоув і цяпер на гэту пасаду прэтэндуюць кіраўнік МУС Тэрэза Мэй і міністр энергетыкі Андрэа Ленсам.
Кіраўнік Кансерватыўнай партыі аўтаматычна ачольвае кабінет міністраў, а паколькі выбіраць давядзецца з дзвюх прэтэндэнтак, то зразумела, што новым брытанскім прэм’ерам стане жанчына.
Першы раз кіраўніком ураду стала Маргарэт Тэтчэр у 1979 годзе, якая займала гэтую пасаду да 1990 года.
Торы сутыкнуліся з неабходнасцю выбару новага лідара партыі, калі Дэвід Кэмеран абвясціў, што сыходзіць у адстаўку з-за вынікаў рэферэндума аб выхадзе Брытаніі з Еўрасаюза.
Новы прэм’ер, як чакаецца, павінен будзе распачаць працэдуру “брэксіта”, перадае ВВС.