Прэзентацыя на Еўрарадыё: ЕР "Stasy" ад Fridance
Маскоўская каманда беларускага паходжання падсумавала зробленае за апошні год.
Маскоўскі гурт з беларускімі каранямі Fridance прадстаўляе на Еўрарадыё ЕР "Stasy" (названы па адной з песень міньёна). Па словах вакаліста каманды (а таксама лідара Bosae Sonca) Алеся Ката-Зайцава, гэта першы рэліз, які гучыць менавіта так, як мусіць гучаць Fridance, згодна з яго ўяўленнем:
"Рэліз, як заўжды ў нас, атрымаўся розным па начынні. Але песні блізкія па сэнсе і па стылі, таму яны склалі адзін трэк-ліст. Мой любімы трэк на міньёне — “Побач”. Можа, не надта класна, што ён не цалкам наш, аўтарскі, а кавер на песню Fink. Мне здаецца, што гэтая песня — лепшае, што мы стварылі на дадзены момант”.
Fridance — музычная фармацыя, 90% удзельнікаў якой — беларускія музыкі, якія вырашылі шукаць шчасця ў Маскве. Вялікай папулярнасці музыкі за некалькі гадоў жыцця ў Маскве пакуль не набылі, але не раз выступалі ў якасці сапарту на канцэртах замежных гуртоў у Расіі. Самы запамінальны з іх — выступ з Foster the People. Амерыканскія інды-поперы самі выбралі Fridance у якасці "разагрэву".
"Нягледзячы на тое, што гэта быў па сутнасці сапарт, публіка ўспрымала нас вельмі класна, што было некалькі нечакана, — прыгадвае Алесь Кот-Зайцаў. — Бо нібыта ўсе мусяць чакаць зорку. Але ці то ў Foster the People публіка апынулася такой добразычлівай, ці то ўвогуле піцерская публіка такая, нас успрымалі як паўнавартасных удзельнікаў шоў амерыканцаў, і гэта было вельмі крута".
На рахунку Fridance калядны сінгл-кавер і відэа на песню “Under Pressure” Queen. Сінглы-відэа на трэкі “Ты и я” і “Дым”, ЕР “Карусель”.