Пуціну патрэбныя салдаты, Украіне патрэбная тэхніка: вынікі сарака дзён вайны

Аляксей Арастовіч, Ігар Стралкоў, Майкл Кофман / калаж Еўрарадыё
Аляксей Арастовіч, Ігар Стралкоў, Майкл Кофман / калаж Еўрарадыё

Па стане на 4 красавіка Генштаб УСУ паведамляе, што РФ пачала скрытую мабілізацыю — пакуль што толькі кантрактнікаў. Украінскі Генеральны штаб адзначае, што Расія набірае пераважна тых, хто ўжо мае баявы досвед. Усё гэта адбываецца на фоне адступлення войскаў РФ ад Кіева з мэтай іх магчымай перагрупоўкі.

— Кіеўская вобласць цалкам свабодная. Пад Чарнігавам засталася іх артылерыя, але там іх даразае наш спецназ і партызаны, — расказвае ў эфіры "ФЕЙГИН LIVE" дарадца офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. — Вывелі [расійскія войскі. — Еўрарадыё] з сумскага кірунку. Уся гэтая банда выводзіцца пад Курск і Белгарад. Я так разумею, што ў іх былі планы перакінуць тэхніку пад Ізюм, але зрабіць гэта ім не ўдаецца. Выведзеныя часці не вельмі гатовыя да вядзення далейшых баявых дзеянняў. Гэтая групоўка абмежавана баяздольная. Ёй, па навуцы, трэба даваць два тыдні на адпачынак, на перапынак. Невядома, ці ўдасца ім перакінуць яе пад Ізюм.

Путину нужны солдаты, Украине нужна техника: итоги сорока дней войны
Украінскі трактар "дэмілітарызуе" расійскую вайсковую тэхніку / BIG KYIV

Расійская "салянка", якая ніяк не можа пайсці ў наступ

Асноўнымі прычынамі небаяздольнасці адведзеных войскаў Арастовіч называе дэмаралізаванасць, стомленасць і знясіленне асабовага складу. Згадвае дарадца пра тое, што немалая частка вайскоўцаў РФ разрывае кантракты. На думку Аляксея Арастовіча, ёсць дзве галоўныя прыкметы таго, што справы ў расіян ідуць не вельмі.

— Першая прыкмета — канчаткова кранулася пятая армія. Едзе ўсё, што сабралі з Далёкага Усходу. Пайшло дзесьці 8-10 батальённа-тактычных груп. Калі б былі баяздольныя тыя, што ёсць цяпер, то не трэба было б цягнуць з Далёкага Усходу. Яны будуць ехаць яшчэ мінімум тыдзень, потым выгружацца, — кажа Арастовіч. — Другая прыкмета — ім ніяк не ўдаецца пачаць наступ ад Ізюма. Паводле задумы ён павінен быў пачацца першага красавіка.

Путину нужны солдаты, Украине нужна техника: итоги сорока дней войны
Знішчаная ўкраінскімі вайскоўцамі радыёлакацыйная станцыя 9С36, якая ўваходзіць у склад зенітна-ракетнага комплексу БУК-М2 / t.me/bpz_ua

— Рэч у тым, што ў расійскай групоўцы ў раёне Ізюма ўтварылася абсалютна дзікая мяшанка, — працягвае Арастовіч. — Перамяшаныя навучальныя часці і баявыя. Перакінутыя часці так званых "Л/ДНР". Я на гэта гляджу і разумею, што вельмі складана кіраваць гэтай бандай, тым больш у наступе, дзе ўсё павінна быць арганізавана і павінна быць вельмі якаснае ўзаемадзеянне.

Расійскаму камандаванню проста не ўдаецца сабраць іх да кучы і кінуць кудысьці наперад. Гэтыя часці напалову разбітыя, напалову дэмаралізаваныя, напалову перамяшаныя. Таму кідаюць свежыя, каб хоць нешта зрабіць. Гэтыя дзве прыкметы паказваюць мне, што справы [ва УС РФ. — Еўрарадыё] ідуць куды горш, чым разлічвалі.

 

Нарошчваць батальёны за кошт кантрактнікаў — гэтага для Расіі недастаткова

Бягучыя падзеі расійска-ўкраінскай вайны прааналізаваў ваенны эксперт, супрацоўнік Цэнтра ваенна-марскога аналізу (CNA) Майкл Кофман.

Путину нужны солдаты, Украине нужна техника: итоги сорока дней войны

— З пастаянных сіл, якія засталіся, расійскія вайскоўцы сабралі ўсё, што маглі, уключаючы базы за мяжой і Калінінград. Цяпер ім практычна няма чаго паслаць [на вайну. — Еўрарадыё], акрамя нядаўна прыбылых для падтрымкі наступу на Данбасе батальёнаў. Не абвяшчаючы публічна, Расія, магчыма, спрабуе павялічыць штат вайсковых фармаванняў, — піша Майкл Кофман. — Такія падраздзяленні, як брыгада і полк, як правіла, павінны быць гатовыя стварыць дзве батальённа-тактычныя групы і мець магчымасць з часам стварыць трэцюю з павелічэннем колькасці. Расійскія вайскоўцы разлічвалі павялічыць колькасць асабовага складу за кошт мабілізацыі ў выпадку вайны — а цяпер яны, магчыма, спрабуюць рабіць гэта паступова.

Путину нужны солдаты, Украине нужна техника: итоги сорока дней войны
Выведзены са строю расійскі бронетранспарцёр / t.me/bpz_ua

— Карацей кажучы, Расія можа павялічыць колькасць батальёнаў, але без нацыянальнай мабілізацыі яе здольнасць весці вайну за межамі Данбаса выглядае вельмі неабачліва. І Расія не можа імкліва павялічыць колькасць войскаў. Цяпер расійскай ваеннай машыне даводзіцца ў асноўным працаваць з тым, што ёй удалося сабраць, — рэзюмуе ваенны эксперт.

На думку Майкла Кофмана, украінскае войска мае вялікі патэнцыял у жывой сіле, але зазнае сур'ёзныя праблемы з узбраеннем. Войска Расіі, наадварот, не мае нястачы ў рэзерве вайсковай тэхнікі. Але РФ не можа мабілізаваць дастатковую колькасць салдат праз нежаданне Пуціна называць "спецаперацыю" вайной, што дало б прававое абгрунтаванне для ўсеагульнай мабілізацыі.

 

"Фанерны маршал" войскаў з пальца не высмакча"

А вось як апісвае сітуацыю на франтах былы военачальнік з так званай "ДНР" Ігар Гіркін (Стралкоў) у інтэрв'ю рэсурсу РАДАР:

— Мы маем сітуацыю, калі расійскія войскі ўвязлі на ўсім 3000-кіламетровым фронце без якога-небудзь шанцу распачаць новы стратэгічны наступ, не атрымаўшы пры гэтым дастаткова моцных рэзерваў, якіх узяць няма дзе. Па сутнасці, апошнія два тыдні баявыя дзеянні соваліся вакол Данбаса і яшчэ на некаторых кірунках. А цяпер яны сціхлі ўсюды, — канстатуе Стралкоў.

Путину нужны солдаты, Украине нужна техника: итоги сорока дней войны
Ігар Стралкоў (Гіркін) / rusdialog.ru

— Адзін з варыянтаў далейшых дзеянняў Крамля — ажыццяўляць мабілізацыю, рыхтаваць рэзервы, — кажа Ігар Стралкоў. — Для гэтага неабходна прызваць пад ружжо не менш за дзвесце тысяч чалавек, а лепш больш. Мяркую, што гэтая лічба будзе расці па меры таго, як будзе завяршацца мабілізацыя ва Украіне. Паколькі наступаць ва ўмовах, калі праціўнік валодае ўсімі сучаснымі ўзбраеннямі ў дастатковых колькасцях, і маючы пры гэтым меншую колькасць жывой сілы, чым у праціўніка, — гэта, прабачце, нонсэнс.

Наша групоўка, якая дзейнічае на правым беразе Дняпра ў раёне Гастомеля, Бучы, Ірпеня завязла ў гарадской забудове. Завязла ў лясіста-балоцістай мясцовасці. Пасля таго як гэтая лясіста-балоцістая мясцовасць праз месяц распусціцца, яе [расійскую групоўку] будуць біць з-за кожнага куста. Таму што пры тым, што туды загналі вельмі шмат тэхнікі, колькасць гэтых войскаў недастатковая нават для захавання таго перыметра, які занялі ў сакавіку. Таму, хутчэй за ўсё, нашым войскам давядзецца скарачаць лінію фронту, адцягваць часці.

Путину нужны солдаты, Украине нужна техника: итоги сорока дней войны
Чырвоным зафарбаваныя тэрыторыі, нібыта захопленыя расіянамі / t.me / bbcrussian

— Аб'ектыўныя апублікаваныя мапы паказваюць, што там няма ніякай кантраляванай тэрыторыі, умоўна кажучы, ад Чарнігава да Сум, якую некаторыя блогеры зафарбоўваюць чырвоным колерам [маецца на ўвазе акупацыя зафарбаваных лакацый войскамі РФ. — Еўрарадыё]. Там ёсць вузкія выцягнутыя апендыксы ўздоўж дарожных развязак, якія вядуць да Кіева. Паміж гэтымі апендыксамі тэрыторыя не кантралюецца расійскімі войскамі.

Войскаў з пальца наш фанерны маршал [магчыма, маецца на ўвазе Шайгу. — Еўрарадыё] не высмакча. Ён заявіў пра паспяховасць першага этапу аперацыі — але не скажа ж ён, што абгадзіўся. Таму давядзецца, відаць, нашым адступаць адтуль у кожным разе і перакідваць войскі туды, дзе сапраўды ёсць магчымасць што-небудзь зрабіць, — рэзюмуе Стралкоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі