Пётр Пракаповіч склікаў экстранны сход лідараў прадпрымальнікаў
І абвясціў ім, што паслабленняў не будзе — з 1 снежня спрошчаныя правілы працы для гандляроў адмяняюцца.
Сход у віцэ-прэм'ера адбыўся вечарам у пятніцу, пад завяршэнне працоўнага дня. Лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка кажа, што іх паклікалі толькі для таго, каб канстатаваць факт — палёгкі не будзе, і з 1 снежня уводзіцца абавязковая сертыфікацыя тавараў. Акрамя гэтага, дзяржава збіраецца стварыць сетку аптовых базаў у Беларусі, дзе прадпрымальнікі змогуць набываць ужо сертыфікаваны тавар.
Шумчанка: “Мінгандлю, Белкаапзаюзу і іншым дадзена даручэнне арганізаваць аптовыя базы, адкуль прадпрымальнікі зараз будуць набываць сертыфікаваны тавар. Пракаповіч сказаў, што гэта жорсткі рынак і калі нехта не выжыве, то застануцца сеткі”.
Акрамя Шумчанкі на сходзе прысутнічалі міністр па падатках і зборах, міністр гандлю, яго намеснік, дырэктар Дэпартамента прадпрымальніцтва, эканамісты Карагін, Маргелаў, Калінін і іншыя.
Ідэю з арганізацыяй аптовых баз у Беларусі Шумчанка крытыкуе. На яго думку, у дзяржавы проста няма столькі грошай, каб закупляць неабходныя аб’ёмы тавараў. “На гэта спатрэбіцца, па маіх падліках, каля 3 мільярдаў долараў у год. Адкуль яны возьмуць такія грошы?”, — здзіўляецца ён.
Фота — bymedia.net