Пётр Віцязь: Зямля засялялася людзьмі, якія прыбылі з іншых планет
Кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Віцязь апынуўся ў цэнтры ўвагі СМІ падчас XXXI Міжнароднага кангрэсу Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Мінску. Спачатку ў сваім выступе ён дапусціў, што жыццё на нашай планеце магло ўзнікнуць дзякуючы іншапланетнікам, а пасля ахвотна паразмаўляў з журналістамі.
У каментары nn.by Віцязь падкрэслівае, што выказаў асабістае меркаванне, а не Акадэміі навук. "Зямля засялялася не па тэорыі Дарвіна. Я лічу, што гэта было зроблена людзьмі, якія прыехалі з іншых планет", — кажа ён. Пётр Віцязь падкрэслівае, што тэорыя Дарвіна (аб паходжанні чалавека ад малпы) "не пацвярджаецца дадзенымі эвалюцыі, якія вывучаюцца навукоўцамі". Таму ён і дапускае гіпотэзу аб іншапланетным паходжанні жыцця на Зямлі і не выключае, што ў будучыні гэта будзе даказана і прызнана навукай.
Навуковец дапускае, што бліжэйшым часам можа адбыцца кантакт з іншапланетнымі цывілізацыямі. Пры гэтым не выключае, што такі кантакт ужо быў і "яны сярод нас".
Пятру Віцязю 82 гады, ён — ураджэнец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Доктар тэхнічных навук (1983 год), прафесар (1986), заслужаны дзеяч навукі БССР (1991), акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук (1994). З 2004 года быў першым намеснікам старшыні прэзідыума НАН Беларусі. Са студзеня 2012-га — кіраўнік апарату НАН.