Пра магчымую дыверсію на авіябазе гаварыў і дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. Прамой і афіцыйнай інфармацыі ён не даў, аднак не выключыў працу "ўкраінскіх партызанаў". Такі варыянт агучваў і калега Арастовіча па Офісе Зяленскага Міхаіл Падаляк.
"Ці можа [гэта быць] нехта з партызанскага руху, які набірае абароты, асабліва ў Крыме, Запарожжы, Херсонскай вобласці? Вядома, таму што людзі, якія жылі ў акупацыі, разумеюць, што час акупацыі заканчваецца і трэба праяўляць сваю пазіцыю... Гэта адбываецца таму, што вяртанне абавязана быць", — каментаваў Падаляк.
Версія 2: удар украінскімі ракетамі
У першыя хвіліны пасля з'яўлення інфармацыі пра выбухі ў Навафёдараўцы расійскія СМІ са спасылкай на відавочцаў пісалі пра "прылёты" ракет. Пазней гэта спрабавала абвергнуць Сіманьян. Ніякай зразумелай інфармацыі не давала і Мінабароны РФ.
Украінскі ваенны эксперт Алег Жданаў не выключае, што атака расійскай авіябазы адбылася менавіта ракетамі. Па яго словах, гэта можна было зрабіць супрацькарабельнай ракетай Harpoon альбо дальнабойнымі ATACMS. Зрэшты, пастаўкі апошніх амерыканцы не пацвярджалі. Амерыканскі інстытут вывучэння вайны дапускае, што для ўдару маглі быць мадыфікаваны ракеты "Няптун".
Як версію ўдар ракетамі агучваў усё той жа Арастовіч. Ён дапусціў, што гэта быў "удар украінскай зброяй, пакуль хаўруснікі цягнуць нам дальнабойныя ракеты".
Супраць версіі з ракетнымі ўдарамі гаворыць тое, што аэрадром знаходзіцца ў глыбокім тыле: да найбліжэйшых украінскіх пазіцый у Херсонскай вобласці больш за 200 кіламетраў. Пакуль наяўнасць настолькі дальнабойнай і пры гэтым дакладнай зброі ва Украіны не пацвярджалася — не кажучы пра тое, што ў такім выпадку ракеты павінны былі б абысці ўсю сістэму СПА. Аднак выключаць версію нельга.
Версія 3: галавацяпства і зноў курэнне
Мінабароны РФ, як і ў сітуацыі з патанулым крэйсерам "Масква", спрабуе сысці ад адказу пра прычыны выбухаў. У першых паведамленнях яны сказалі пра "дэтанацыю боепрыпасаў", не назваўшы прычыну.