"Раней нашы “хварэлі” за рускіх, а рускія за нашых, цяпер такога няма"

Еўрарадыё: Днямі ў Венгрыі прайшоў Чэмпіянат Еўропы па боксе сярод юнакоў. Была там і зборная Украіны. Якія вынікі?

Андрэй Чумакоў: Сёлетні чэмпіянат быў самым прадстаўнічым — 190 ўдзельнікаў, які прадстаўлялі 25 краін свету. Зборная Украіны была прадстаўленая ва ўсіх 18 вагавых катэгорыях і ў выніку заняла другое агульнакаманднае месца. На першым месцы Расія. У нас — тры “золаты”, чатыры “срэбры” і пяць “бронзаў”. З нашага роднага Хмяльніцкага былі двое хлопцаў — Аляксей Підмурняк і Тарас Бандарчук. Аляксей на стадыі паўфіналу прайграў рускаму баксёру ў спрэчнай бойцы, не без дапамогі суддзяў-рэферы на рынгу. Тарас у фінале саступіў рускаму баксёру. Быў такі роўненькі бой, але...

Еўрарадыё: Ва Украіне фактычна ідзе вайна — ці час цяпер ездзіць на спартовыя спаборніцтвы, браць удзел у музычных фестывалях прадстаўнікам вашай краіны?

Андрэй Чумакоў: Трэба. Любыя спартовыя спаборніцтвы, асабліва за зборную краіны, выхоўваюць і ўзнімаюць дух патрыятызму ў хлопцаў, ва ўсёй краіны. Калі стаіш на п’едэстале і гучыць гімн тваёй краіны, адчуваеш гонар за радзіму. Абавязкова трэба ўдзельнічаць.

Еўрарадыё: Ці паўплывалі сённяшнія падзеі ва Украіне на атмасферу бою паміж украінскімі і расійскімі баксёрамі?

Андрэй Чумакоў: Зразумела, усе мы ведаем, што з боку Расіі ідзе агрэсія супраць нашай краіны, але на рынгу палітыкі няма — палітыка застаецца па-за рынгам.

                     Украінскія баксёры і трэнеры на Чэмпіянаце Еўропы ў Венгрыі

Еўрарадыё: Мне падаецца, што гэта даволі складана давесці 12-, 14-гадовым юнакам…

Андрэй Чумакоў: Затое яны ўсе былі матываваныя вельмі моцна. Усе, хто прайграў расіянам, прайгравалі ў роўных баях, дзе можна было даваць перамогу і туды, і туды. Разумееце, руская каманда самая моцная ў свеце, і на іх трэба настройвацца як на самага моцнага праціўніка. І нават калі не браць сітуацыю ва Украіне, то ўсе хлопцы адпаведна настройваліся. Але плюс гэтая сітуацыя, плюс два хлопцы ў камандзе, прадстаўнікі Луганска і Данецка. Вось яны мацней за іншых настройваліся на баі з рускімі. І баі паказалі, што хоць расійская зборная традыцыйна найлепшая, мы сёлета былі не горшыя. Не хапіла, магчыма, крыху падтрымкі судзейскай, афіцыйнай дэлегацыі, што там была…

Еўрарадыё: Нараканні на суддзяў гучаць даволі традыцыйна, скажам так…

Андрэй Чумакоў: Глядзіце, у нас было ў фінале супрацьстаянне — сем чалавек нашых баксіравала з рускімі. Пасля таго як чатыры баі запар нашы баксёры прайгралі, нашы прадстаўнікі пачалі казаць, што мы здымаем каманду, бо перадузята ставяцца суддзі. Пасля гэтага пачалі нармальна судзіць, і трое нашых выйгралі. Але з тых першых чатырох баёў у трох у нас дакладна скралі перамогу, а чацвёрты бой быў роўным, і можна было і туды, і туды даваць.

Еўрарадыё: У нас кажуць, што беларусаў засуджваюць таму, што не любяць у свеце беларускі рэжым. Калі так, то суддзі павінныя падсуджваць Украіне супраць расіян — сёння ў свеце іх не вельмі любяць…

Андрэй Чумакоў: Рускія суддзі былі з гэтым узростам не на адным чэмпіянаце. Яны ўжо добра ведаюць іншых суддзяў, сябруюць з імі, і ў гэтым асяродку не адчуваецца, што нехта там асуджае Расію за падзеі ва Украіне. Вы ж разумееце, што бокс — гэта не футбол, дзе, кажучы вобразна, галы, ачкі, секунды. Бокс — гэта суб’ектыўны від спорту ў плане судзейства. І на Алімпіядзе былі праколы з боку суддзяў у дачыненні да ўкраінскіх спартсменаў. Тое ж можна казаць пра ўсе чэмпіянаты. Не сакрэт, што Расія ўкладае вялікія грошы і вялікі ўплыў ва ўсё: не толькі ў падрыхтоўку спартсменаў, але і ў “страхоўку” з боку суддзяў і афіцыйных дэлегацый.

Еўрарадыё: На рынгу дзейнічала спартыўная дысцыпліна, а па-за рынгам?

Андрэй Чумакоў: Не, канфліктаў не было ніякіх. На спаборніцтвах пастаянна сур’ёзная дысцыпліна. Бо самы невялікі промах можа перашкодзіць нармальнаму правядзенню бою: з’еў марожанае — забалела горла, позна лёг спаць — прачнуўся не выспаўшыся. Выключаныя нейкія канфлікты, бо трэнеры пастаянна сочаць за сваімі. Але змяніліся адносіны паміж хлопцамі: калі раней нашы “хварэлі” за рускіх, а рускія за нашых, як гэта было на чэмпіянаце ў Ірландыі, то цяпер такога няма. Гляджу — хлопцы амаль не кантактуюць, не размаўляюць. Усё адно атрымліваецца так, што агрэсія Расіі супраць Украіны настройвае нашы народы адзін супраць аднаго. Безумоўна, нельга казаць, што рускі народ і Пуцін — гэта адно і тое ж, але так атрымліваецца.

Еўрарадыё: Беларуская зборная была на гэтым чэмпіянаце? І на чыім баку яны былі?

Андрэй Чумакоў: Так, калі не памыляюся, у іх адзін срэбны медаль і адзін бронзавы. Не відаць было, каб яны за рускіх “хварэлі”. Неяк атрымалася, што мы больш зносіны мелі з беларускімі трэнерамі і ірландскімі: там два рускамоўныя трэнеры — з Івана-Франкоўска адзін, другі — з Латвіі, астатнія ірландцы. І з трэнерамі іншых краін, безумоўна, перасякаліся, размаўлялі — усе так робяць, апроч рускіх. Яны неяк асобна, збоку ад усіх.

Еўрарадыё: Няўжо нават не было нагоды перакінуцца з трэнерамі расійскай зборнай словам, пагаварыць пра жыццё, пра сітуацыю ў краіне…

Андрэй Чумакоў: Не было. Ведаеце, нават тыя з расійскай зборнай, каго мы добра ведалі, абыходзілі нас бокам. Максімум віталіся здалёк. Праз пару дзён крыху пра нешта пачалі гаварыць, але гэтую тэму нават не ўзнімалі, бо… У мяне склалася ўражанне, што яны сталі ахвярамі расійскай прапаганды, ахвярамі інфармацыйнай вайны, якую вядуць расійскія СМІ.

Еўрарадыё: Не сакрэт, што цяпер ва Украіне складанае фінансавае становішча — на спорт у дзяржавы грошы ўсё ж знаходзяцца?

Андрэй Чумакоў: Цяпер на спаборніцтвы ехалі за свае грошы. У міністэрстве папрасілі хлопцаў даць справаздачу і паабяцалі, што крыху пазней усё кампенсуюць. Што да трэніровачных збораў, то толькі для першых двух складаў зборнай апошнія зборы былі за кошт міністэрства, а ўсе астатнія зборы трэніровачныя праходзілі за свой рахунак — трэба было шукаць сродкі і ехаць. Вось такая сітуацыя…

Еўрарадыё: Ведаю, што не толькі трэнерскай працай цяпер займаецеся...

Андрэй Чумакоў: Ну, яшчэ я прэзідэнт Федэрацыі бокса Хмяльніцкай вобласці. Але я разумею, пра што вы пытаецеся… Сапраўды, як толькі пачалася анексія Крыма, мы ўтварылі грамадскую арганізацыю “Падольска січ”, на яе базе, пад патранатам Філарэта і кіраўніцтва мітрапаліта Антонія, мы ўтварылі аднайменнае праваслаўнае апалчэнне, якое цяпер пераўтварылася ў грамадскае фармаванне пры памежных войсках і МУС. У дадзены момант 20 нашых чалавек у складзе мабільна-матарызаванай групы памежных войскаў служаць на мяжы. Найбліжэйшымі днямі мы паедзем рабіць ратацыю — забіраць адных і пакідаць на мяжы служыць іншых. Апроч таго, ад канца лютага — пачатку сакавіка мы дапамагаем памежным войскам: завозім “гуманітарку”, праводзілі іх ратацыю. Карацей, цалкам дапамагаем нашым памежным войскам. Дарэчы, у нас ёсць і беларусы. Не адзін раз яны таксама выязджалі ў складзе групы на перадавую — паказалі сябе сапраўднымі таварышамі, людзьмі. Праўда, цяпер у групе, якая афіцыйна нясе службу на мяжы, беларусаў няма, але мяркую, што яны будуць у наступных.

Андрэй Чумакоў (у светлай форме) падчас наведвання памежных войскаў

Еўрарадыё: Дарэчы, асобныя вашыя палітыкі лічаць, што дапамогу ад добраахвотнікаў-замежнікаў Украіне прымаць не варта. Маўляў, украінцы павінныя самі адваяваць сваю свабоду. А вы як лічыце?

Андрэй Чумакоў: Мне падаецца, што ў такіх выказваннях больш палітыкі, яны так кажуць, каб, магчыма, не правакаваць агрэсара. А мне падаецца, што калі чалавек хоча дапамагчы абараніць нашу радзіму, чаму б і не? Калі на баку баявікоў ваююць чачэнцы-кадыраўцы, а іншыя чачэнцы, якія ў свой час выехалі з Чачні, хочуць са зброяй у руках бараніць нашу радзіму, то чаму не даць ім такую магчымасць? Канечне, калі б у нас, у ідэале, была магутная армія, нам не спатрэбілася б падтрымка ні цывільнага насельніцтва, ні замежнікаў. А калі наша армія знішчалася ўсе гады незалежнасці, асабліва ў апошнія тры гады кіравання Януковіча, трэба рабіць нейкія крокі.

Еўрарадыё: Як ставіцеся да імавернасці, што давядзецца не проста зброю ў рукі ўзяць, але і выкарыстаць?

Андрэй Чумакоў: Мы ўжо неаднойчы гэта абмяркоўвалі, і шмат хто з нашага фармавання рвецца на ўсход. Сем чалавек не вытрымалі і ўжо там — хтосьці ў батальёне “Данбас”, хтосьці рэзервістам. Мы для сябе даўно вызначылі: калі будзе ўварванне расійскіх войскаў — будзем абараняць радзіму.

Еўрарадыё: А калі ў ворагу ў прыцэле пазнаеце знаёмага рускага трэнера ці баксёра — што зробіце?

Андрэй Чумакоў: Не гатовы адказаць на такое пытанне. Шчыра скажу — не гатовы…

Еўрарадыё: Калі паглядзець расійскае тэлебачанне, то складаецца ўражанне, што ўсіх рускіх і рускамоўных на захадзе Украіны рыхтуюць да знішчэння. У вас у Хмяльніцкім ужо пабудавалі для такіх канцлагеры? Вось, дарэчы, і праз гэта ў тым ліку беларусы баяцца ехаць да вас.

Андрэй Чумакоў: Ну, вось я рускамоўны. Па гэтай логіцы вы мне цяпер тэлефануеце ў канцлагер. Калі сур’ёзна, то да мяне, рускамоўнага, ніколі ў жыцці не было пытанняў, чаму я гавару па-руску, а не па-ўкраінску. У нас у Хмяльніцку вялікі аптовы рынак, і туды заўжды прыязджала шмат беларусаў. Дзякуючы ім таксама нашы прадпрымальнікі неяк жылі-існавалі. Цяпер беларусы не ездзяць. І гэта сур’ёзны ўдар па бюджэце нашага горада. А перасталі беларусы ездзіць не ад пачатку Майдана, а калі пачаліся ўсе гэтыя пытанні па Крыме. Я так разумею, што гэта таксама больш палітычная сітуацыя, работа расійскіх СМІ…

Еўрарадыё: У нас шмат гісторый расказваюць пра тое, як беларусаў, якія паехалі ва Украіну, “па дарозе абрабавалі, збілі і згвалцілі правасекі”…

Андрэй Чумакоў: Слухайце, “Правага сектару” ў нас у краіне максімум 200-300 чалавек. Іх баявое аддзяленне ваюе на ўсходзе, а ў некаторых гарадах засталіся толькі палітычныя аддзяленні, дзе па 10 чалавек максімум. Я бачыў пэўную колькасць людзей, якія называюць сябе “Правым сектарам”, але каб ён тут быў паўсюль і масава — такога няма. Вы ж бачылі, колькі Яраш галасоў набраў падчас прэзідэнцкіх выбараў! Што да абрабаваных беларусаў, то я, калі шчыра, пра такія выпадкі нават не чуў.

Фота: З архіва Алега Малаванюка і Юрыя Рыбака

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі