Расія адмовілася ад велікоднага перамір'я — 57-я раніца вайны

Сапёр збірае боепрыпасы ў Гастомелі Кіеўскай вобласці / АР
Сапёр збірае боепрыпасы ў Гастомелі Кіеўскай вобласці / АР

Расія адмовілася ад велікоднага перамір'я, распавёў прадстаўнік Украіны ў ААН Сяргей Кісліца. З ідэяй абвясціць чатыры дні цішыні на Вялікдзень выступіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Гэты час можна было б выкарыстаць для арганізацыі гуманітарных калідораў і вывазу грамадзянскіх.

Перамір'е з'яўляецца "імкненнем даць кіеўскім нацыяналістам і радыкалам перадышку для таго, каб яны маглі перагрупавацца", заявіў прадстаўнік Расіі ў ААН. На яго думку, гэта дасць ўкраінскай баку магчымасць "зладзіць новыя бесчалавечныя правакацыі і запусціць новыя фэйкі аб дзеяннях расійскіх салдат".

Расійскія войскі па-ранейшаму спрабуюць арганізаваць наступ на ўсходзе Украіны. Мэта — узяць пад поўны кантроль тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей. Адначасова расіяне наносяць ракетна-бомбавыя ўдары па аб'ектах ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры па ўсёй тэрыторыі Украіны. Гэта звесткі з ранішняй зводкі Генштаба Украіны.

Кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай раніцай напісаў, што расіяне спрабавалі замацавацца ў заходняй і паўночна-заходняй частках Рубежнага, але пацярпелі няўдачу. Працягваецца штурм Папаснай.

Вялікае наступленне расійскай арміі на ўсходнім фронце яшчэ не пачалося, лічыць сакратар Рады нацбяспекі Украіны Аляксей Данілаў. Пачаліся баі.

"Гэта была іх спроба [выпрабаваць] на трываласць нашы ўзброеныя сілы. Спроба была няўдалая. На сёння яны будуць працягваць гэтыя спробы. Калі пачнецца так званае вялікае наступленне — гэта пытанне часу",цытуе Данілава рэсурс "Громадське".

Расіяне пачалі падрыхтоўку да рэферэндуму ў Херсонскай вобласці. Пра гэта паведамляюць ва ўкраінскім аператыўным камандаванні "Поўдзень". На галасаванне будзе вынесена пытанне аб стварэнні так званай "Херсонскай народнай рэспублікі". Плебісцыт можа адбыцца ўжо 27 красавіка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным звароце казаў пра тое, што заходнія партнёры сталі лепш разумець патрэбы краіны, якая сутыкнулася з агрэсіяй — "разумець, што менавіта нам неабходна. І калі нам гэта неабходна. Ня праз тыдні, месяцы, а неадкладна. Цяпер, калі Расія спрабуе актывізаваць свае атакі".

"Весці перамовы з Пуціным-гэта ўсё роўна, што гандлявацца з кракадзілам, які ўчапіўся ў тваю нагу", – заявіў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан. На ягоную думку, на рэальныя перамовы расійскі прэзідэнт пойдзе, толькі калі зможа весці іх з пазіцыі сілы. Яго спыталі і аб тым, на якія саступкі гатовы пайсці Кіеў. Джонсан лічыць, што Зяленскі настроены адстаяць ўсход краіны, але, магчыма, пагадзіцца размаўляць пра Крым. Вытрымкі з інтэрв'ю прыводзіць УНІАН.

Тым часам дарадца офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў аб жаданні Аляксандр Лукашэнка дамовіцца з Захадам.

"Ён разумее, што яму будзе дрэнна ў выпадку, калі Пуцін ацалее і пуцінскі рэжым выйграе. Асабліва яму будзе дрэнна праз санкцыі і ўсё астатняе – маргіналізацыя. А калі пуцінскі рэжым прайграе, яму будзе зусім дрэнна. І яму трэба было б нейкія гарантыі ці што атрымаць", прыводзіць словы Арастовіча УНІАН.

Сёння чакаецца выступ прэзідэнта ЗША Джо Байдэна па Украіне. Напярэдадні прэс-сакратар прэзідэнта ЗША Джэн Псакі казала, што Байдэн "з сумам або са страхам" успрымае жудасныя фатаграфіі з Украіны.

Раніцай стала вядома пра новыя ахвяры сярод дзяцей. У Барадзянцы Кіеўскай вобласці напярэдадні было знойдзена цела 15-гадовай дзяўчынкі-падлетка. Яна атрымала смяротнае раненне лёгкіх. Яшчэ адзін падлетак загінуў у вёсцы Новая Зара Херсонскай вобласці. У яго дом трапіў артылерыйскі снарад. Агульная колькасць загінулых на вайне дзяцей вырасла да 208. Раненні атрымалі 376. І гэта не канчатковыя лічбы, падкрэсліваюць у офісе генеральнага пракурора Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі