Расія будзе плаціць Беларусі за выкарыстанне вайсковай авіябазы
Беларусь і Расія разам вызначаць суму, якую будзе выплачваць расійскі бок за выкарыстанне беларуской ваеннай авіябазы пад Баранавічамі.
Пра гэта заявіў пасол Расіі ў нашай краіне Аляксандр Сурыкаў. Пры гэтым ён удакладніў, што "бясплатна такіх рэчаў не бывае". Дыпламат дадаў, што расійскія вайскоўцы будуць плаціць не толькі за выкарыстанне ўзлётнай паласы і стаянак, але і за электрычнасць і ваду, перадае interfax.by.
Сурыкаў таксама нагадаў, што канчатковая "кропка фармавання ваеннай авіябазы — 2014 год". Па яго словах, першае звяно расійскіх знішчальнікаў ужо прыбыло на авіябазу пад Баранавічамі.
Нагадаем, 9 снежня чатыры мадыфікаваныя Су-27СМ3 прыбылі на аэрадром 61-й знішчальнай авіябазы ў горадзе Баранавічы і заступілі на дзяжурства. Расійскія знішчальнікі будуць ахоўваць паветраную прастору Саюзнай дзяржавы разам з беларускімі ваеннымі лётчыкамі ў рамках дамоўленасці паміж дзвюма краінамі пра стварэнне сумеснай авіябазы.
Фота — belvpo.com