Расія папрасіла Беларусь спыніць транзіт харчавання
Такім чынам афіцыйная Масква хоча спыніць увоз тавараў, якія парушаюць расійскае эмбарга.
Рассельгаснагляд папрасіў Беларусь адмяніць усе дазволы на транзіт праз Расію прадуктаў харчавання, якія вязуць у Казахстан і іншыя краіны.
Таксама расійскае ведамства папрасіла Беларусь ад 30 лістапада спыніць афармленне таварных партый прадукцыі, якія ідуць транзітам у Казахстан і трэція краіны. Гэтая мера, як інфармуе interfax.by,будзе дзейнічаць да ўрэгулявання пытанняў кантролю кампетэнтнымі органамі Беларусі.
Мэта такіх захадаў з боку Расіі — спыніць пастаўкі ў Расію харчавання з краін, якія трапілі пад расійскае эмбарга. Нагадаем, што са жніўня Расія забараніла пастаўкі харчавання з краін Еўрасаюза, ЗША, Канады і шэрагу іншых.
Па звестках Рассельгаснагляду, ёсць выпадкі, калі такая прадукцыя ўвозілася ў Расію з Беларусі. Пазначалася, што яна нібыта ідзе транзітам у трэція краіны, аднак прадаецца на тэрыторыі Расіі.
Ілюстрацыйнае фота — ua-01.com