Расія заявіла, што гатовая падаць Нідэрландам звесткі пра МН17
Расія гатовая даць Нідэрландам інфармацыю пра незачыненую паветраную прастору над усходам Украіны ў дзень крушэння Boeing MH17 ў 2014 годзе. З такой заявай выступіў пастаянны прадстаўнік Расіі пры Еўрасаюзе Уладзімір Чыжоў, перадае РІА "Новости".
Расійскі дыпламат нагадаў, што ў сакавіку 2020 года пачнуцца судовыя слуханні па гэтай авіякатастрофе. Для гэтых слуханняў Расія гатовая даць звесткі. Па яго словах, Крэмль быў гатовы даць усе наяўныя звесткі па гэтым пытанні неўзабаве пасля крушэння Boeing MH17, але сумесная міжнародная група, якая займалася расследаваннем, нібыта "праігнаравала прапанову".
Cамалёт Boeing-777 авіякампаніі "Малайзійскія авіялініі" быў збіты пад Данецкам 17 ліпеня 2014 года. Пры гэтым загінулі ўсе 298 чалавек, якія былі на яго борце.
Міжнародная следчая група ўлетку 2019 года назвала асноўных падазраваных па гэтай справе. Гэта тры расіяніны і адзін украінец — Ігар Гіркін (Стралкоў), Алег Пулатаў, Сяргей Дубінскі і Леанід Харчанка. Усе яны ваявалі на баку баевікоў на ўсходзе Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.