Расія звінаваціла Украіну ў кантрабандзе нафты, але гэта была нафта для Беларусі

Расія звінаваціла Украіну ў кантрабандзе нафты, але гэта была нафта для Беларусі

Федэральная мытная служба (ФМС) Расіі заявіла пра незаконнае перамяшчэнне ва Украіну 80 тысяч тон нафты. Кошт грузу ацэньваецца больш як на 2 мільярды расійскіх рублёў (каля 27 мільёнаў долараў), піша zerkalo.io.

Нафту перавозілі на танкеры ALTAI. Пагрузілі яе ў порце Наварасійск. Паводле дакументаў, портам прызначэння была названая італьянская Аўгуста, але насамрэч танкер адправіўся ў порт Южны ва Украіне. 

Расійскі бок выявіў, што капітан танкера ад прадстаўніка кампаніі-аператара, зарэгістраванай у Вялікабрытаніі, загадзя атрымаў заданне перавозці сырую нафту на тэрыторыю Украіны. Таксама ён атрымаў указанне не паведамляць у порце пагрузкі звесткі пра порт прызначэння і пра атрымальніка грузу.

У Расіі нагадалі, што іх урад забараніў вываз сырой нафты з Расіі на тэрыторыю Украіны.

"Укртранснафта" паведаміла, што груз нафты не прызначаўся для Украіны. Гэта была нафта з Казахстана, якая транзітам праз Украіну адправілася ў Беларусь. 

"Адзначым, што названая нафта на тэрыторыю Украіны не імпартавалася, а была транспартаваная транзітам у Рэспубліку Беларусь на Мазырскі НПЗ у рамках дамовы "Укртранснафты“ з BNK (UK) Limited (Вялікабрытанія)", — заявілі ў "Укртранснафце".

За 2020 год ў рамках дамовы на транспарціроўку, падпісанай з BNK (UK) Limited, "Укртранснафта" паставіла транзітам у Беларусь каля 800 тысяч тон нафты.

BNK (UK) Limited — даччыная структура Беларускай нафтавай кампаніі, якая займаецца экспартам беларускіх нафтапрадуктаў і фармальна трымае ўсе экспартныя кантракты, якія ідуць праз БНК. Нядаўна яна трапіла пад санкцыі Вялікабрытаніі.

У канцэрне "Белнафтахім" даволі дзіўна адрэагавалі на гэтае здарэнне. "Інфармацыя, распаўсюджаная ад імя "Укртранснафты", не адпавядае рэчаіснасці. Пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь праз Украіну не ажыццяўляліся", — перадае БЕЛТА заяву "Белнафтахіма". 

Аднак украінцы паведамлялі, што пастаўлялі транзітам казахстанскую нафту для Беларусі, а не расійскую.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі