Расійскія танкі ўвайшлі ў Новаазоўск, украінскія войскі адступілі да Марыупаля (відэа)

Эксперты даўно прагназавалі ўдар на Марыупаль, паколькі гэта стратэгічна важны горад, порт. Аднак баяздольныя ўкраінскія войскі ваявалі пад Данецкам, Луганскам, Ілавайскам, у раёне Марыупаля сілаў аказалася недастаткова.

Як паведамляе тэлеканал ТСН, 27 жніўня ў Новаазоўск (горад на беразе Азоўскага мора, насельніцтва складае 11 тысяч чалавек) увайшла калона з 30 расійскіх танкаў і 500 пехацінцаў. Украінскія падраздзяленні, міліцыя пакінулі горад і адступілі да Марыупаля, дзе рыхтуюцца да абароны. Адзначым, што раней украінскія сілавікі заяўлялі, што Новаазоўск пад кантролем украінскіх войскаў і іх там дастаткова для адбіцця атакі.  

Украінскія СМІ паведамляюць, што захоплены Новаазоўск заблакаваны расійскімі танкамі, выезд з яго жыхарам забаронены. На 28 жніўня прызначаная "зачыстка" горада ад украінскіх байцоў, якія маглі там застацца для дыверсійнай дзейнасці. Расіяне захапілі палонных, іх, нібыта, вывозяць на тэрыторыю Расіі.

Расійскія СМІ інфармуюць, што Новаазоўск узялі "танкі апалчэння ДНР". Насамрэч, баевікі з'яўляюцца дапаможнай сілай. Масква па-ранейшаму не прызнае, што ва Украіне ваюе расійскае войска. Украінскія эксперты мяркуюць, што яго задача — максімальна пашырыць тэрыторыю, якую кантралююць на Данбасе тэрарысты.

Фота — АР, ТСН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі