Reform.by: У "сенатары" ад Рагачова ідзе адэпт "рускага свету"
Рэдактар рагачоўскай раённай газеты "Свабодное слова" Андрэй Шышкін распасюджвае ў сацсетках нянавісць да беларусаў, заклікі забіваць і займаецца абразамі, піша сайт reform.by. Між тым, гэта кандыдат у новы склад Савета Рэспублікі ад Гомельскай вобласці.
У 2014 годзе Шышкін трапіў у скандал, калі размяшчаў на сайце выдання (якое з'яўляецца афіцыйным органам гарвыканкама) матэрыялы антыбеларускай скіраванасці — пераважна з расійскага прапагандысцкага інфармагенцтва "Регнум". У артыкулах змяшчаліся дэструктыўныя погляды на беларускую гісторыю, мову, нацыю ўвогуле, піша reform.by. Пасля рэзанансу ў СМІ гэтыя публікацыі на сайце газеты спыніліся.
Паводле звестак reform.by, цяпер Шышкін карыстаецца ў сетцы "Вконтакте" псеўданімам "Іван Рагачоў". Яго запісы — гэта пераважна перапошчаныя матэрыялы з групы і з сайта газеты "Свабоднае слова". Акрамя іх "Іван Рагачоў" перапошчвае запісы агрэсіўных прарасійскіх паблікаў: "Змагар — скарыстаная пракладка", "Антымайдан Беларусь", "Гомель супраць" і г.д.
На думку reform.by, змест гэтых пастоў цалкам трапляе пад вызначэнне экстрэмісцкіх матэрыялаў і накіраваны на распальванне разнастайнай варожасці. Сцвярджаецца, што на старонцы ёсць абразы (у тым ліку нецэнзурныя) і прапаганда гвалту ў дачыненні да сацыяльных груп (апазіцыйна настроеных людзей), цкаванне канкрэтных дэмакратычных актывістаў з імёнамі і фатаздымкамі; антыеўрапейская, антыамерыканская, антыўкраінская і прарасійская прапаганда; распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці ў дачыненні да палякаў, яўрэяў, каталікоў, уніятаў; абраза беларускай мовы і яе носьбітаў; скажэнне гісторыі Беларусі, прапаганда яе "прарасійскай" версіі, здзек з "літвінаў" і шляхты, зневажанне гістарычных дзеячаў — напрыклад Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшкі, або адмаўленне іх прыналежнасці да беларускай гісторыі і г.д.
Журналісты reform.by сцвярджаюць, што старонку "Івана Рагачова" вядзе Андрэй Шышкін, бо праверка паказала: старонка зарэгістраваная на мабільны тэлефон будучага беларускага "сенатара".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.