Чаго не дазваляюць сабе сем'і, што жывуць на 500 долараў?

120913 Savi4 Zarobak.mp3

Еўрарадыё паглядзела, як жыве сям’я на белстатаўскі сярэдні заробак у 500 долараў.

Заробкі Алены і Вадзіма прыкладна па 450 долараў на кожнага, абодва інжынеры, але на розных прадпрыемствах. Год назад яны пераехалі з Наваполацка ў сталіцу і уладкаваліся на працу.

Заробак Алены за год не вырас ніяк, затое Вадзімаў — з 250 долараў да 400. Грошай у сямейным бюджэце стала болей. На ўзровень жыцця гэта не надта паўплывала.

“Калі Вадзім уладкоўваўся на працу вельмі скакаў курс долара — тады заробак складаў 500 долараў. Мы меркавалі — яго 500, мае прыкладна 300 — можна жыць! Пасля крызісу вясной-летам ў доларах яго заробак знізіўся да 250-300 долараў. Беларускіх грошай столькі ж, але у доларах меней. Цягам года заробак паступова рос — і цяпер гэта каля 400 долараў, рэдка — 450. Паралельна растуць і кошты”.

У сумесным бюджэце Алены і Вадзіма каля 900 долараў. Самыя высокія выдаткі — аплата арэнды кватэры, моўных курсаў і ежы.

“Вельмі падаражэла арэнда. Цяпер здымаем кватэру за 200 долараў. Па 120 долараў плацім за моўныя курсы. А таксама трацім за камуналку — цяпер гэта 250-300 тысяч рублёў”, — падлічвае Алена.

У магазін Алена і Вадзім ходзяць штодня і кожны тыдзень — на Камароўку за садавіной і гароднінай. Гаспадыня кажа, што ў параўнанні з мінулым годам сёлета часцей могуць купіць сабе гародніну, ялавічыну ці свініну. І гэта пры тым, што год назад мяса каштавала на прыкладна на 30 тысяч рублёў танней!

“Раней бацькі куплялі свініну і ялавічыну проста ў прамысловых памерах, давалі з сабой. Цяпер гэта “традыцыя”, мы ж купляем і ялавічыну, але часцей курыцу — гэта танней. На вячэру ў нас таксама салат, гарнір з бульбы, рысу ці макаронаў, салодкае. У нядзелю ямо аладкі з джэмам”.

Акрамя простага харчавання дома, патрэбныя грошы на абеды на працы. Алена звычайна не абедае на працы, але на абеды Вадзіма ў сталовай з сямейнага бюджэту выдаткоўваецца мінімум 50 долараў на месяц. Абед інжынера каштуе каля 18-20 тысяч рублёў кожны дзень.

Алена і Вадзім адпачываюць вельмі дэмакратычна — раз на тыдзень ходзяць у кіно і кафэ, гэта яшчэ 20-25 долараў з сямейнага бюджэту. Гэта традыцыя існуе больш за год.

“Але вось на большыя забавы, ці на нейкія канцэрны нармальных спевакоў, да прыкладу, “Placebo”, мы не можам пайсці”, — шкадуе Алена.

На абанемент у басейн, інтэрнэт, паездкі раз на месяц да родных, праязныя на транспарт, а таксама прыём сяброў і паходы па гасцям, куды з пустымі рукамі не пойдзеш, выдаткоўваецца яшчэ пад 130-150 долараў.

Частка грошай, якія засталіся ідзе на адзенне і неабходныя дробязі. Звычайна людзі купляюць адзенне у Мінску на распродажах. Але за абуткам сям’я едзе ў Наваполацк.

“Там звычайна абутак і якасцей, і танней. Купляем у правераных людзей”.

Яшчэ адна прыкмета паляпшэння жыцця — магчымасць адкладваць грошы на будучыню. Але…

“Усё, што атрымліваем афіцыйна — мы трацім. Адкладваем толькі з нейкіх нечаканых грошай — нерэгулярны заробак ці падпрацоўка. Максімум, што ўдаецца адкласці — гэта 50 еўра”, — тут жа расчароўвае мяне Алена. Яны збіраюць грошы на тое, каб перабрацца жыць у Чэхію.

Атрымліваецца, афіцыйнага заробку ў 500 долараў усё роўна не хапае. Алена дадае, што пры такіх выдатках пра крэдыт на жыллё ці нейкую больш значную пакупку кшталту машыны яны нават і не мараць — бо для сямейнага бюджэту нават без дзяцей гэта непад’ёмна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі