Бацька гродзенскай актывісткі не дапусціў "незаконны" ператрус
Затрыманыя сёння ўначы ў Гродне Надзея Крапівіна і Вераніка Лемяноўская былі адпушчаныя пасля складання пратаколаў.
Іх справу будзе разглядаць адміністрацыйная камісія.
Дзяўчаты былі затрыманыя міліцыяй каля трэцяй гадзіны ночы ў цэнтры горада, побач з прыпынкам, на якім віселі ўлёткі "Свабоду Кіркевічу", "Свабоду Дашкевічу". Аналагічныя ўлёткі мела пры сабе Крапівіна.
Пасля афармлення пратаколаў міліцыянты скіраваліся на кватэры актывістак для правядзення ператрусу. У выніку ў Крапівінай быў канфіскаваны ноўтбук і некалькі налепак. А вось у Лемяноўскай ператрус не адбыўся — яе бацька запатрабаваў санкцыю пракурора, якой у міліцыянтаў не аказалася, паведамляе Радыё "Свабода".