Беларуска распавяла, як без грошай зрабіла праект у Марока (фота)
30 лістапада ў Collegium Civitas ў Варшаве была паказаная выстава фотаздымкаў з Марока.
Зробленыя яны былі маладой беларускай Ганнай Пракоф'евай падчас рэалізацыі адукацыйнага праекту "Мабільны цэнтр нефармальнай адукацыі ў Марока". Два месяцы Ганна жыла ў гэтай афрыканскай краіне і праводзіла трэнінгі па міжкультурным менеджменце.
Пры гэтым грошы для рэалізацыі праекту Ганне практычна не спатрэбіліся. Яна знайшла людзей, якія гасцінна прынялі яе ў Марока. А ўсе матэрыялы па навучанні дзяўчына правезла з сабой.
Падчас прэзентацыі выставы адбыўся таксама майстар клас "як зладзіць уласныя праекты без грашовага бюджэту". Паводле досведу Ганны, галоўнае пры рэалізацыі праектаў — гэта знайсці аднадумцаў. Пасля гэтага праект можна рэалізаваць на чыстым энтузіязме.