Эксперты Архускай канвенцыі ў верасні вынясуць вердыкт па астравецкай АЭС

25 траўня Варшава стала ужо пятай замежнай сталіцай, дзе прайшлі кансультацыі па пытаннях будаўніцтва астравецкай АЭС. Праводзіць такія мерапрыемствы з удзелам недзяржаўных арганізацый, згодна з міжнароднай Канвенцыяй Эспа, Беларусь абавязаная ва ўсіх зацікаўленых краінах . У Польшчы кансультацыі прайшлі ў закрытым рэжыме.
Між тым, як даведалася Еўрарадыё, эксперты Архускай канвенцыі ў верасні вынясуць вердыкт, ці парушыла Беларусь міжнародныя нормы пры распрацоўцы праекту будаўніцтва АЭС. А ў жніўні фармальную працэдуру ўстанаўлення парушэнняў Канвенцыі аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе (Эспа) можа распачаць і Камітэт па выкананні Канвенцыі Эспа.
Міжнародныя камітэты могуць знайсці парушэнні Канвенцый Беларуссю і запатрабаваць прадставіць больш падрабязныя дэталі праекту і правесці кансультацыі з грамадскасцю наноў. Але забараніць будаўніцтва станцыі яны не змогуць. Краіны-падпісанты Канвенцый у выпадку іх парушэння атрымаюць магчымасць прыцягнуць Беларусь у Міжнародны суд ААН. Але толькі калі наша краіна на гэта пагадзіцца. У любым выпадку, ігнараванне рашэнняў Камітэтаў можа выклікаць міжнародны скандал.
Беларускія чыноўнікі ўпэўненыя, што рашэнні будуць станоўчыя. Пра гэта яны заявілі на слуханнях у Вене, адказваючы на пытанне прадстаўніка аўстрыйскай экалагічнай арганізацыі Oekobutro  Клеменса Конрада.
Клеменс Конрад: "Я атрымаў адказ, што яны на 100% упэўненыя, што скаргі на Беларусь Камітэты разгледзяць станоўча. Што адмоўнае рашэнне немагчымае, не можа быць такога варыянта".
Але прадстаўнік украінскага экспертна-аналітычнага цэнтра "Грамадства і наваколле"Андрэй Андрусевіч упэўнены, што будзе акурат наадварот. 
Андрэй Андрусевіч: "Гарантую, што парушэнні канвенцыі будуць знойдзеныя. Беларускае заканадаўства само сабой дапускае парушэнні. Нават калі б усе працэдуры праводзіліся паводле закону, рэальна, а не фармальна паводле закону, то нават у такім выпадку гэта парушала б Канвенцыі: і Канвенцыю Эспа, і Архускую Канвенцыю. І Камітэт проста не можа гэта не заўважыць".
Андрэй Андрусевіч сярод іншых падаваў скаргі ў Архускі камітэт. Гэты міжнародны орган Беларусь проста ігнаруе, прычым не ўпершыню.
Андрэй Андрусевіч: "Раней я прадстаўляў інтарэсы заяўнікаў па Нёманскай ГЭС. Беларусь не прыйшла на слуханне справы, і нават пісьмовыя адказы не прадставіла. Цяпер разглядаецца пытанне парушэння Беларуссю Архускай Канвенцыі ў сувязі з АЭС, але яны ніяк не рэагуюць увогуле".
Беларускі ўрад мусіць адказаць на запыт Архускага Камітэта да пачатку чэрвеня, але адказу пакуль няма. Такім стаўленнем Камітэт вельмі незадаволены, і гэта абавязкова адаб'ецца на жорсткасці рашэння. Праўда, калі нават і адкажуць, гэта не дапаможа, кажа эксперт.
Андрэй Андрусевіч: "Упэўнены, што рашэння станоўчага не будзе. Нават калі б яны адказалі. А паколькі яны ўвогуле не адказалі, дык няма на што спадзявацца".
У Камітэце па выканні Канвенцыі Эспо Беларусь таксама актыўнасці не праяўляе. Андрэй Андрусевіч дзеліцца ўражаннямі ад нядаўняга пасяджэння працоўнай групы Камітэта ў Жэневе.
Андрэй Андрусевіч: "Пытанне беларускай АЭС уздымалася разоў 10 на працягу тых трох дзён, што я там быў. Асобны час быў прысвечаны атамнай энергетыцы і будаўніцтву АЭС, шмат якія краіны рабілі даклады. А Беларусь адмаўчалася, ніводнага слова за ўвесь час не сказала".
Нагадаем, Польшча ўжо пятая замежная краіна пасля Літвы, Латвіі, Украіны і Аўстрыі, дзе абмяркоўваюцца пытанні бяспекі будучай беларускай АЭС і ўплыў на навакольнае асяроддзе. Як і ў Латвіі, кансультацыі прайшлі ў закрытай форме, без прадстаўнікоў грамадскасці. 
Украіну і Літву папярэднія слуханні не задаволілі, таму там яны неўзабаве пройдуць паўторна.
Даведка Еўрарадыё.
Канвенцыю "Пра доступ да інфармацыі, удзелу грамадзкасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што маюць дачыненне да навакольнага асяроддзя" (Архуская Канвенцыя) Беларусь падпісала ў 1998 годзе. Згодна з ёй, наша краіна мусіць своечасова і ў даступнай форме інфармаваць зацікаўленую грамадскасць па пытаннях навакольнага асяроддзя, пачынаючы ад пачатку працэдуры прыняцця рашэнняў.
"Канвенцыю аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце" (Канвенцыя Эспо) Беларусь ратыфікавала ў 2005 годзе. Згодна з ёй, наша краіна абавязана праводзіць ацэнку ўплыву будаўніцтва на навакольнае асяроддзе, пачынаючы ад ранніх стадый планавання. Беларусь таксама мусіць паведамляць іншым краінам і кансультавацца з імі па ўсіх праектах, які будуць мець значны ўплыў на навакольнае асяроддзе, сягаючы за межы сваёй тэрыторыі.
Здымак з акцыі эколагаў і анархістаў 23 жніўня 2009 года ў Астравецкім раёне. Фота: blog.grodno.net

Глядзі таксама:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі