Еўранэст пачне працу без Беларусі
10 лютага пастанова пачаць працу Еўранэста без прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і парламента Беларусі была прынята ў Еўрапарламенце аднагалосна.
Канферэнцыя старшыняў палітычных фракцый Еўрапарламента прыняла рашэнне пра скліканне першага паседжання Еўранэста без беларускай дэлегацыі, паведамляе БелаПАН.
"Спадзяюся, гэты толькі пераходны стан, а не канчатковае рашэнне. Парламентарыі з Беларусі вітаюцца, але толькі калі вольныя выбары, прызнаныя ўсей грамадою, стануць рэальнасцю. Мы павінны ўбачыць там дэмакратычны працэс", — пракаментаваў гэта рашэнне старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек, словы якога прыводзіць Польскае агенцтва друку .
Раней меркавалася, што ў працы Парламенцкай асамблеі праграмы Еўрасаюза "Ўсходняе партнёрства" (Еўранэст) прымуць удзел 60 еўрадэпутатаў, а таксама па 10 прадстаўнікоў (галоўным чынам парламентарыяў) ад Грузіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы і Беларусі. У адносінах да апошняй разглядаліся розныя варыянты: запрашэнне выключна апазіцыі або апазіцыі і пяці прадстаўнікоў парламента. Аднак гэтыя ідэі не знайшлі разумення ні ў афіцыйнага Мінска, ні ў шэрагу краін — суседзяў ЕС. У сувязі з рознагалоссямі дагэтуль не адбылося ніводнага паседжання Еўранэста.
10 лютага пастанова пачаць працу Еўранэста без прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і парламента Беларусі была прынята ў Еўрапарламенце аднагалосна.
Разам з тым Еўрапарламент памятае пра беларускую апазіцыю і працягне падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, заявіў Бузек.
Паседжанне Еўранеста можа адбыцца ў сакавіку.