Еўропа ў чарговы раз заклікала Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне
На пасяджэнні ПАСЕ ў Страсбургу міністр замежных спраў Швейцарыі Мішлін Кальмі-Рэй распавяла пра адкат у адносінах з Мінскам і заклікала нашую краіну
Міністр замежных спраў Швейцарыі Мішлін Кальмі-Рэй зноў заклікала беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. З такой заявай яна выступіла на сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якая адкрылася 26 красавіка ў Страсбургу.
Значную частку сваёй прамовы міністр замежных спраў Швейцарыі, якая сёлета старшынствуе ў Камітэце міністраў Савета Еўропы, прысвяціла Беларусі — адзінай еўрапейскай краіне, якая ў Савет Еўропы не ўваходзіць.
"Вы добра ведаеце пра маё імкненне развіваць больш шчыльныя адносіны з Беларуссю... Шэраг старшыняў Савета Еўропы ўжо працавалі ў гэтым накірунку, але з няпэўным вынікам", ― заявіла Мішлін Кальмі-Рэй.
Яна паведаміла, што напрыканцы лютага сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам на інаўгурацыі Віктара Януковіча ў Кіеве. Тады міністр прасіла працягнуць дзейнасць інфармацыйнага пункту Савета Еўропы ў Мінску. І, вядома ж, сказала пра галоўную ўмову Савета Еўропы.
Мішлін Кальмі-Рэй: "Што тычыцца адмены смяротнага пакарання альбо, прынамсі, мараторыя на яго, я паведаміла, што мы чакаем пазітыўных сігналаў у блізкай будучыні."
Міністар таксама нагадала пра другую ўмову Парламенцкай Асамблеі — каб у дэлегацыю Беларусі была ўключаная апазіцыя ці, прынамсі, незалежныя парламентарыі. Апрача таго, Мішлін Кальмі-Рэй прапанавала Лукашэнку запрасіць на мясцовыя выбары міжнародных назіральнікаў. Ніводную з просьбаў Беларусь не задаволіла.
Мішлін Кальмі-Рэй: "На жаль, у наступным месяцы (сакавіку — ЕРБ.) у нашых адносінах адбыўся сур'ёзны адкат — беларускія ўлады пакаралі смерцю двух зняволеных. Гэта найбольшая перашкода, каб палепшыць нашыя адносіны. Я вельмі асуджаю гэтыя пакаранні і заклікаю беларускія ўлады палажыць канец смяротнай кары".
З пазітыўных крокаў яна назвала толькі згоду беларускага парламента на правядзенне ў сакавіку семінара, прысвечанага смяротнаму пакаранню, і працяг дамовы аб існаванні інфармацыйнага пункта арганізацыі ў Мінску яшчэ на год.
Мішлін Кальмі-Рэй заявіла, што ўсё яшчэ не губляе надзеі на то, што Беларусь нарэшце абвесціць мараторый на смяротнае пакаранне. А таксама чакае іншых крокаў — напрыклад, у галіне свабоды СМІ і свабоды арганізацый.
Савет Еўропы быў створаны яшчэ ў 1949 годзе з мэтай больш шчыльнай інтэграцыі еўрапейскіх краін. Цяпер у яго ўваходзяць 47 дзяржаваў, дзе жывуць больш за 800 мільёнаў чалавек. Усе краіны Савета Еўропы адмовіліся ад смяротнага пакарання — гэта прынцыповая каштоўнасць арганізацыі. І толькі Беларусь па сёння карае людзей смерцю. З-за гэтага яна нават не можа вярнуць сабе спецыяльны гасцявы статус, якога яе пазбавілі ў 1997 годзе.
Фота: ec.europa.eu