Францыя жадае Беларусі стаць аб’яднанай і міранай
Амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рынэры перакананы, што беларускія ўлады павінны выпусціць з турмаў палітвязняў.
“Гісторыя паказвае, што наяўнасць іншадумцаў у турмах ніколі не ўзвялічвала дзяржаву”, — заявіў дыпламат на ўрачыстым прыёме ў гонар нацыянальнага свята Францыі — Дня ўзяцця Бастыліі. Пры гэтым ён параўнаў асуджаных за падзеі 19 снежня з вялікімі вязнямі Бастыліі.
Са словаў французскага амбасадара, свет добра памятае імёны славутых зняволеных — Вальтэра, Бамаршэ. Але імёны суддзяў гісторыя забылася назаўжды, перадае словы Мішэля Рынэры Interfax.by
Амбасадар лічыць, што Беларусі не варта пераконваць іншых, нібыта існуе пагроза яе дзяржаўным межам. “Я лічу, што ваша краіна стане мацнейшай, калі на яе тэрыторыі будуць улічвацца ўсе меркаванні. Францыя жадала б супрацоўнічаць менавіта з аб’яднанай і прыміранай Беларуссю”, — сказаў дыпламат.