Кандрацьеў: Як узначаліў зборную, вырашыў пазбавіцца ад кепскіх звычак
Новы трэнер футбольнай зборнай абяцае ўзяць усё лепшае ад Штанге, дадаць у атацы і, магчыма, заняць 3-е месца ў адборачнай групе да чэмпіянату свету.
Адразу пасля прызначэння Георгій Кандрацьеў расказаў, што вырашыў завязаць з дрэннымі звычкамі – ужо два тыдні як настаўнік кінуў паліць. А вось сённяшніх гульцоў зборнай ён кідаць не збіраецца і плануе на 90% пакінуць каманду ў ранейшым складзе.
“Абойма застанецца на 90% такой самай. У нас не так шмат футбалістаў узроўню зборнай. Усім дадзім абавязкова шанс. З усімі абавязкова сустрэнуся. Зараз у адпачынку. Вельмі важна, каб хлопцы хацелі гуляць. З усімі шчыра паразмаўляю. Магчыма, нехта ўжо не хоча гуляць. Тут угаворваць нікога не будзем. А пераконваць – будзем”.
Новы трэнер перакананы, што Нацыянальная зборная на сёння самая моцная каманда ў Беларусі. І што нават вельмі папулярны барысаўскі БАТЭ ёй саступае.
“Натуральна, зборная мацнейшая. Якое пытанне. Вы сумняваецеся? Я не сумняваюся”.
Расказаў новы трэнер і пра невялікую таямніцу. Аказваецца, гэта менавіта яму належала ініцыятыва даць бразільскаму легіянеру БАТЭ Рэнану Брэсану беларускае грамадзянства. Кандрацьеў збіраецца выклікаць яго ў склад нацыянальнай каманды ў бліжэйшы час. А вось з капітанам ён пакуль не вызначыўся.
Кандрацьеў добра выказаўся пра Бернда Штанге. Ён заявіў, што пастараецца ўтрымаць высока ўзнятую нямецкім спецыялістам планку. А да яе дадаць вострую гульню ў нападзенні.
“Рэвалюцый ніякіх не будзе. Мы возьмем усё лепшае, што было ў каманды Штанге. У першую чаргу гульню ў абароне. Стабільная гульня ў абароне – не так шмат прапусцілі. А вось у сярэдняй зоне і ў лініі атакі нам, натуральна, прыйдзецца папрацаваць. Трэба гуляць больш агрэсіўна. Больш смела гуляць. Больш атакаваць”.
У наступным адборачным раўндзе да чэмпіянату свету зборная можа разлічваць максімум на 3-е месца ў групе, мяркуе новы трэнер.
“Канешне, калі я зараз скажу, што мы павінны пазмагацца за выхад у плэй-оф, то мяне напэўна шарлатанам палічаць. Група складанейшая. Я ўжо так трохі глядзеў па фінах, і па грузінах – складанейшыя дзве каманды. Калі мы зоймем трэцяе месца – гэта будзе добры вынік”.
Нагадаем, што акрамя Грузіі і Фінляндыі, нашым футбалістам давядзецца гуляць з Францыяй і Іспаніяй.