Глыбоцкая фінансавая міліцыя зацікавілася сайтам knihi.net
Глыбоцкая фінансавая міліцыя вызывае на допыт асобаў, што замаўлялі беларускія кнігі праз сайт knihi.net.
У апошні тыдзень тут было дапытана некалькі чалавек, сярод якіх ёсць настаўнік, студэнты, каталіцкі святар, журналісты. 17 травеня быў дапытаны журналіст рэгіянальнага парталу westki.info Кастусь Шыталь. У яго пыталіся, ці замаўляў ён кнігі праз Інтэрнэт, ці знаёмае яму прозвішча Яўдаха. Пра тое ж пыталіся ў настаўніка адной са школ Глыбокага.
Глыбоцкая фінансавая міліцыя працуе на некалькі раёнаў захаду Віцебшчыны. Як паведаміў Кастусь Шыталь: "На стале ў аддзеле ляжыць спіс з пятнаццаці чалавек. Сярод іх двое маіх знаёмых — студэнты з Паставаў. Акрамя таго, у спісе ёсць людзі з Глыбокага і Браслава".