Ізраіль марудзіць з адменай візавага рэжыму з Беларуссю

Год таму, 9 лютага 2010 года, Ізраіль адмяніў уязныя візы для ўкраінцаў. Беларусь магла б стаць трэцяй на прасторы СНД краінай пасля Расіі і Ўкраіны, з якой Ізраіль скасаваў бы візавы рэжым. Умова ў габрэйскай дзяржавы адна: на карысць гэтага кроку мусяць знайсціся дакладныя эканамічныя аргументы.

"У нас з Беларуссю адносіны добрыя, але ў вашым пытанні прагучала нешта падобнае на тое, што візы можна адмяніць ужо на падставе таго, што вялікая колькасць ізраільцян выйшла з Беларусі, або з Украіны, або з Расіі. У першую чаргу гаворка вядзецца пра двухбаковыя стасункі, пра камерцыйную і турыстычную мэтазгоднасць", — упэўненая надзвычайная і паўнамоцная амбасадарка Ізраіля ва Ўкраіне Зіна Калай-Клайтман. Адносна Расіі і Ўкраіны такая турыстычная мэтазгоднасць ёсць. Адносна Беларусі гэтыя пытанні будуць вырашацца па тых жа крытэрыях, дадала спадарыня пасол.

Але і гэтага, як сцвярджае міністр турызму Ізраіля Стас Місежнікаў, яшчэ не дастаткова. На наступным этапе трэба пераканаць некалькі ўрадавых структур Ізраіля ў тым, што ў выніку адмены візавага рэжыму крымінагенная сітуацыя ў краіне не пагоршыцца.

"Было шмат тых, хто супярэчыў такому кроку. Я не ведаю ўсяго таго, што адбывалася ва Ўкраіне ў момант абмеркавання магчымасці адмены віз, але нам — Міністэрству замежных спраў і Міністэрству турызму — давялося прыкласці шмат высілкаў. Было шмат праціўнікаў з боку Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства бяспекі... Усё тыя ж аргументы, якія былі тры гады таму, калі абмяркоўвалася адмена віз з Расіяй", — узгадаў Стас Місежнікаў.

Як вядома, Ізраіль адмяніў візавы рэжым з дзвюма краінамі СНД — з Расіяй з 2007 года, а з Украінай — з 9 лютага 2010 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі