"Кінавідэапракат": Прабачце нас, што не паказалі “Дыктатара”

120523 Nasta Kino.mp3

“Ну, не ішлі ў нас фільмы гэтага рэжысёра! “Бруна”, “Борат”… апошні нават у расійскі кінапракат не выйшаў. Таму, натуральна, калі мы бачылі гэты фільм, не разглядалі яго, як сур’ёзнага канкурэнта тым фільмам, якія ў нас сёння”, - Васіль Коктыш прызнаецца, што каб сёння запусціць “Дыктатара” ў пракат, заяўляць трэба было яшчэ ў сакавіку.


Але гэтага “Кінавідэапракат” не зрабіў. А цяпер позна.


Васіль Коктыш: “Магчыма, мы памыліліся, таму што не чакалі такой піяр-кампаніі. А цяпер позна спачуваць. Мы трошку цяпер засмучаныя, асабіста я быў учора засмучаны гэтай сітуацыяй, бо ўбачыў вынікі ў Маскве. Расійскі пракат нас трошку азадачыў, бо як ні дзіўна, расіяне добра пайшлі на гэты фільм”.


І просіць прабачэння.


Васіль Коктыш: “Мы таксама людзі, і можам штосьці да канца не пралічыць. Вы нас ужо прабачце, калі мы дзесьці нейкі пралік зрабілі”.


Дырэктар “Кінавідэапраката” не адмаўляе, што яшчэ можа паказаць “Дыктатара”. Але куды яго “ўціснуць” – вялікае пытанне.


Васіль Коктыш: “Калі ў Расіі вельмі добра пойдзе, мы праз тры тыдні гатовыя вярнуцца. Але трэба ў такім разе здымаць іншыя фільмы – ужо падпісаныя ўсе дамовы нават на ліпень! Цяпер, значыць, каб знаходзіць экранны час, то куды яго? У “Камсамолец” запусціць? Дык праваўладальнік скажа: “Вы што зусім ужо нас не паважаеце? Які Камсамолец?” Ці ў “Дружбе”…”


У Мінску не паказвалі ніводнага фільма рэжысёра “Дыктатара” (Лары Чарльза). Фільм 2009 года “Бруна” не выйшаў у пракат ні ў Беларусі, ні ў Расіі. Васіль Коктыш пералічвае іншыя фільмы, якія так і не дайшлі да мінскага гледача:

“Мы “Бората” не паказвалі, “Бруна” не паказалі. У рэшце рэшт мы не паказалі “Чалавек-воўк”, “Джоні-Д”. Нават “Жалезную лэдзі ” не паказалі”. Мы не паказалі “Прыслугу”, аскараносны фільм, не знайшлі яму экраннага часу…”


У свой час не выйшаў у Мінскі пракат і новы фільм Таранціна “Бясслаўныя вырадкі”. Тады казалі, што прычыны тэхнічныя, маўляў “не там паставілі коску”. Але ішла гаворка, што, магчыма, фільм не паказваюць з-за няправільнага асвятлення вайны.


Пра “Дыктатара” Васіль Коктыш кажа вельмі эмацыйна, бачна, што прымае сітуацыю блізка да сэрца.


Васіль Коктыш: “Мы не ўлічылі два месяцы таму гэтага “Дыктатара”, таму што я яго ва ўпор не бачыў! Мы не лічылі нават яго сур’ёзным фільмам. Гэта не мастацкае кіно, а трэш. Гэта не кіно, а выхаванне дурнога густа. Нармальны адсеў фільмаў, якія ніжэй за плінтус, будзем казаць прама. Фільм непрыстойны, вы б самі пляваліся ад тых сцэнаў”.


Еўрарадыё прыводзіць у адказ фільм “Амерыканскі пірог”, апошняя частка якога прайшла нядаўна ў Мінску. Васіль Коктыш прызнаецца, што сам жахнуўся ад гэтага фільма, але пусціў у пракат, бо “ён ужо стаў брэндам”.


Васіль Коктыш: “Амерыканскі пірог-2” мы ў пракат не ўзялі. Ніхто мяне не пытаўся, чаму. Але “Амерыканскі пірог-3” я ўзяў, бо гэта ўжо брэнд, і ёсць пэўная частка гледача, якая хоча глядзець гэты фільм. І наступныя серыі мы ўжо куплялі”.


Нечакана дырэктар “Кінавідэапракату” прапануе папрасіць “Аўтакінатэатр” паказаць “Дыктатара”.


“Ён проста шчаслівы, калі мы штосьці не бярэм, яны бяруць з задавальненнем, бо ёсць частка гледачоў, якія любяць такія фільмы. Вось парайце ім узяць гэты фільм”.


Тым часам, менш чым за месяц “Дыктатар” сабраў у Амерыцы 26 мільёнаў долараў. А ў Расіі ідзе на другім месцы па касавых зборах пасля “Мсціцеляў”. Рэйтынг фільма на IMDb - 7,2. А вось, напрыклад, фільма “Права на “лева””, які цяпер ідзе ў нашых кінатэатрах – усяго 5,1. Але, магчыма, сапраўды, усё пралічыць цяжка.


Фільм “Дыктатар” таксама недаацанілі ў Туркменіі і Таджыкістане.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі