Літва назвала Беларусь “ніякай”, Беларусь Літву — бестактоўнай!

120326 Eurafokus.mp3

На мінулым тыдні ў Жэневе разгледзелі скаргу Літвы супраць беларускай АЭС. На думку суседзяў, дзеянні беларускага боку супярэчаць Канвенцыі ААН.

"Беларусь не праводзіла Ацэнку ўздзеяння сваёй АЭС на наваколле ў адпаведнасці з міжнароднымі прававымі нормамі, не арганізоўвала публічных слуханняў гэтага праекту ў Літве і двухбаковых кансультацый між Літвой і Беларуссю, як таго патрабуе канвенцыя Эспо", — скардзіцца супрацоўнік МЗС Літвы Міндоўгас Лашас.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення экалагічнай экспертызы Мінпрыроды Беларусі Аляксандра Андрэева, які ў складзе нашай дэлегацыі з’ездзіў у Жэневу, высновы трэба чакаць толькі ў верасні.

Зрэшты, канфлікт паміж Беларуссю і Літвой доўжыцца ўжо не адзін год! Літва выступае супраць будаўніцтва Астравецкай станцыі ў Беларусі. А Беларусь, у сваю чаргу, — супраць літоўскай АЭС.

Пра тое, як прайшла паездка ў Жэневу, і пра сутнасць апошняга канфлікту распавядае Еўрарадыё Аляксандр Андрэеў:

“Літва пасля завяршэння слуханняў у Камітэце адразу дала ў прэсу інфармацыю, што вось Беларусь — “ніякая”. На пытанні не магла адказаць і г.д. Мы былі вымушаныя адразу ж даць сваю рэакцыю. Мы таксама далі ў СМІ нашу заяву. Мы, са свайго боку, сказалі, што заява літоўскага боку з’яўляецца ціскам на Камітэт! А гэта недапушчальна. Наш МЗС накіраваў ноту па гэтым пытанні сакратару канвенцыі — пра бестактоўныя паводзіны Літвы”.

Усе гэтыя спрэчкі выклікаюць лёгкае дэжавю. Год таму Літва абвінаваціла Беларусь у тым, што пляцоўка будучай АЭС знаходзіцца на тэктанічным разломе. Але беларусы парыравалі, што суседзі самі будуюць АЭС на трэшчыне!

Аляксандр Андрэеў: "Мы зрабілі заяву пра тое, што Вісагінская АЭС на тэктанічным разломе зямной кары, таму Літва захвалявалася. І яны пачалі казаць: беларуская, у такім разе, таксама. Гэта такая адваротная рэакцыя".

Нагадаю, Беларусь пабудуе АЭС у 53 кіламетрах ад Вільні, а Літва — у 2 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю. Наша краіна пратэстуе супраць рэактара, які збіраюцца выкарыстоўваць літоўцы, бо такі ўжо быў… на Фукусіме.

Але літоўцы маюць на гэта свой адказ.

“Яны задаюць пытанні па станцыі, бо мы пытаемся пра Астравецкую пляцоўку і мы незадаволеныя якасцю адказаў”, — гаворыць прадстаўнік Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Літвы Віталіус Аўгліс.

Беларусь накіравала ў Літву ліст з пытаннямі па іхняй АЭС сёлета ў лютым. Але так і не атрымала адказу!

“У літоўскай Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе былі разгледжаныя 3 тыпы рэактараў. Цяпер Літва выбрала канчаткова японскі рэактар, які быў на Фукусіме. У сувязі з тым, што адбылося на Фукусіме, нам патрэбна больш інфармацыі пра гэты рэактар. Яны нам нічога не адказалі. Нават не адрэагавалі на наш запыт. Мы яго накіравалі сёлета на пачатку лютага. Пакуль ніякай рэакцыі няма. На пасяджэнні ў Жэневе мы да іх звярнуліся — просім, карыстаючыся нагодай, літоўскі бок адказаць на нашы пытанні”, — кажа Аляксандр Андрэеў.

Нагадаю, Літва плануе запусціць новую Вісагінскую АЭС у 2020 годзе. Першы блок беларускай АЭС плануецца ўвесці ў дзеянне ў 2017 годзе, другі блок у 2018.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі