Мечыслаў Грыб: адстаўка Фармагея — гэта загадка
Былы старшыня Вярхоўнага Савета і генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб пракаментаваў Еўрарадыё звальненне Леаніда Фармагея.
Спадар Грыб прызнаўся, што адстаўку начальніка ГУЎС Мінгарвыканкама ён успрыняў з нечаканасцю.
“Крыху ведаю гэтага чалавека, як супрацоўніка міліцыі. Да сённяшняга дня я атрымліваў пра яго самыя станоўчыя водгукі. Прафесіянал, кадравы афіцэр міліцыі, сціплы і адукаваны чалавек. Ён вельмі здольны кіраўнік. Пэўны час былі размовы, што яго прапаноўвалі як кандыдата на пасаду міністра ўнутраных справаў”, — распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё Мечыслаў Грыб.
Наўрад ці адстаўка Леаніда Фармагея звязаная з жорсткім разгонам “маўклівай акцыі” ў Мінску. “Такая рэакцыя міліцыі на “маўклівую акцыю” была, бо загадалі. Іншага загаду быць не магло”, — лічыць спадар Грыб.
Ці можна чакаць новых звальненняў буйных міліцэйскіх чыноўнікаў, палітык не можа сказаць. З яго слоў, ад кіраўніцтва краіны цяпер можна чакаць чаго заўгодна.