Міжнародны валютны фонд: “Вышэй, шырэй і глыбей!”
Што глыбей — рэформы, якія мы павінны правесці, задаволенасць, якую выказвае МВФ, або “глыбокая прорва”, у якой апынулася краіна?
Еўрарадыё памерала глыбіню крызісу ў Беларусі…
“Хутчэй, вышэй, мацней!” — так гучыць алімпійскі дэвіз. Дэвіз МВФ: “Вышэй, глыбей і шырэй!”
Еўрарадыё звярнула ўвагу, што ў адносінах Мінску з МВФ апошнім часам слова “глыбокі” ўжываецца з абсалютна розных нагодаў. Міжнародны валютны фонд патрабуе “глыбокіх рэформаў”, пасля выказвае “глыбокую павагу”…
Былы пастаянны прадстаўнік МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна, завяршаючы свае паўнамоцтвы ў Мінску, выказала “глыбокую ўдзячнасць” уладам Беларусі за супрацоўніцтва.
Але глыбокімі бываюць не толькі рэформы… “Беларусь — у глыбокай прорве”, піша ў сваім артыкуле аглядальнік Die Presse Эдуард Штайнер.
Што за такі лінгвістычны пункцік ў МВФ? І ў чым жа вымяраецца глыбіня рэформаў?
“Мова МВФ вельмі часта, а асабліва перакладчыцкая мова — гэта плён фантазій перакладчыкаў. Таму стаўцеся да гэтага вельмі проста, эканомікі ў гэтым няма”, — лічыць эканаміст Леанід Заіка.
А вось фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб адзначае, што, кажучы “глыбокія рэформы”, МВФ мае на ўвазе іх незваротнасць.
Вадзім Іосуб: “Калі ў нас з’яўляюцца праблемы і патрэбныя грошы, мы падпісваем пагадненне з МВФ, пагаджаемся на ўсе іх рэцэпты, пачынаем іх рэалізоўваць. І як толькі сітуацыя пачынае выпраўляцца, вастрыня праблем спадае, тут жа нерэалізаваная частка рэформаў так і не рэалізуецца”.
Падобная сітуацыя была ў 2009 годзе, — працягвае аналітык.
Вадзім Іосуб: “У 2009 годзе былі патрабаванні не падвышаць заробак, спыніць эмісійнае фінансаванне эканомікі. З гэтым пагадзіліся, а калі ў 2010 годзе пачала выпраўляцца сітуацыя з золатавалютнымі рэзервамі, тут жа ад гэтага адмовіліся — пачалі новае эмісійнае фінансаванне, пачалі ізноў друкаваць грошы на рост заробкаў, каб давесці іх да 500 долараў”.
Акрамя слова “глыбокі”, МВФ ужывае і іншыя азначэнні. У апошніх дакументах Міжнародны валютны фонд кажа не толькі пра глыбіню рэформаў, але і пра тое, што яны павінны быць падтрыманыя на самым высокім узроўні:
“Калі ў мінулым годзе наспела лібералізацыя валютнага курса, яшчэ ўвесну і Саўмін, і Нацбанк былі на гэта гатовыя, трэба была згода з самага верху, ад кіраўніка дзяржавы. Цяпер няма ніякіх праблемаў ва ўзаемаразуменні паміж МВФ і нашым Нацбанкам, урадам. Але яны разумеюць, што многія рашэнні ў нас з’яўляюцца палітычнымі. І даць адмашку або наадварот, завярнуць нейкія рашэнні, можа толькі кіраўнік дзяржавы”, — кажа Вадзім Іосуб.
У арыгінале ў справаздачы ад МВФ ужываецца словазлучэнне “deep reforms”. Калі перакласці яго праз Google, першым варыянтам сапраўды выскоквае слова “глыбокі”. Але пасля — яшчэ шэраг варыянтаў:
“Глыбінны, насычаны, сур’ёзны, не павярхоўны...”. Яшчэ “deep reforms” могуць быць “цяжка зразумелымі” і “непрабуднымі”. На любы густ.