На навагоднім стале беларусаў крызіс амаль не адаб’ецца (відэарэпартаж)

“Фрукты, прадукты, каўбасу. Я няшмат патраціла. Ужо раней набывала. Ну, патраціла недзе, напэўна, тысяч 150”, — расказвае карэспандэнту Еўрарадыё пенсіянерка, якая толькі-толькі зрабіла закупы на “Камароўцы”.

Агулам яна плануе патраціць на навагодні стол каля трохсот тысяч. Праўда, хутка дадае, што сустракаць будзе ўдвух з мужам. І зэканоміць прыйшлося — пенсія невялікая.

111227 Pilecki Produkty.mp3

“Не так ужо зусім, як хацелася. Вось рыбы такой дарагой добрай. Стараемся не адмаўляць і хоць трошкі, але ўжываць”.

За пенсіянеркай з брамы “Камароўкі” выходзяць два хлопцы, абвешаныя пакункамі. Адразу бачна, што сустракаць Новы год яны плануюць у шырокай кампаніі. Адзін расказвае Еўрарадыё, што сённяшні рахунак пацягнуў на мільён. Эканоміў, але не асабліва.

“Набыў усё, што хацеў. Проста, можа быць, не такой якасці, не такога вытворцы. Вось мяса набываў нейкае танней, чым мне б хацелася, напрыклад”.

Ідзем на рынак. Там сустракаем дзвюх жанчын, таксама абвешаных сумкамі. Яны гатовыя выдаткаваць на навагодні стол... мільёны. І нават гэтага будзе мала.

“Фрукты, гародніна, мяса, зеляніна і салодкае — печыва там. Усё да Новага году. Не ўсё набылі: не хапіла грошай. Патрацілі пяцьсот тысяч. Хацелі б тры мільёны патраціць. Але яшчэ да Новага году тры дні. І яшчэ не хопіць”.

На “Камароўцы” тлум. Праціснуцца можна толькі ў аддзелах з рыбай і мясам. Людзі насамрэч набываюць гэтыя прадукты не так актыўна, як садавіну і гародніну. Але нават вэнджаная рыба коштам па 250 тысяч разыходзіцца. Прадаўшчыца з рыбнага аддзелу “Камароўкі” расказвае Еўрарадыё, што да Новага году ўсе рыхтуюцца па-ранейшаму. Хіба што на свежамарожанай рыбе крыху эканомяць.

“Пераднавагодні гандаль ідзе, можна сказаць, нядрэнна. Набываюць стронгу слабасалёную, сёмгу, пячонку траскі. У мінулым годзе, можна сказаць, так сама было. На адным узроўні. Не горш, неяк аднолькава. Можна сказаць, свежамарожаную рыбку набываюць слабавата. Купляюць гатовую прадукцыю”.

Пасля “Камароўкі” едзем у больш рэспектабельнае месца — да супермаркета “Карона”. Сюды пакупнікі пад’язджаюць на аўтамабілях, у багажнікі якіх пакуюць навагоднія прысмакі. Маладыя муж з жонкай расказваюць Еўрарадыё, што набылі ўсё неабходнае для свята, акрамя алкаголю, за мільён.

“Гародніну, фрукты, курыцу, цацкі, ёлку. Ну, усё, што трэба на Новы год. Мандарыны, аліўкі, рыбу. Каля мільёна. Ну, мы яшчэ алкаголь не набывалі, таму не ведаем. Трэба старацца зэканоміць. Вялікія выдаткі вельмі. Спачатку закупішся, паглядзіш на кошт агульнага рахунку — і так задумаешся, што трэба неяк патанней. Ну, усё адно ж хочацца, каб было ўсё, што хочацца”.

А ўсярэдзіне супермаркета сапраўдны ажыятаж. Мала хто выходзіць з паўпустой торбай або вазком. Відавочна, што ніякі крызіс беларусам святкаваць не забароніць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі