На скутарах з Мінска да Уладзівастока

Ганна Казловіч: Мара даехаць да Ўладзівастока расла разам з намі. Мы сустрэліся, і гэтая мара стала агульнай. Я думаю, што такіх людзей няшмат. Мы шчаслівыя людзі, што сустрэлі адно аднаго.

Еўрарадыё: І вы не баяліся такога падарожжа? Вы даверыліся мужу, ці наадварот былі маторам мерапрыемства?

Ганна Казловіч:  Складана сказаць, хто быў маторам. Самае цяжкае было - проста выехаць. Таму што як заўсёды нас стрымае вельмі шмат справаў, якія нельга адкласці на заўтра, сябры, праца. Але мы змаглі зрабіць гэты крок, адкласці ўсё і здзейсніць сваю мару, даехаць да Ціхага акіяна.

Еўрарадыё: А колькі вы ехалі?

Ганна Казловіч: У нас атрымалася гэта зрабіць за 54 дні. Доўга. Але мы ехалі на малакубатурных транспартных сродках – на скутарах з хуткасцю каля 50 км за гадзіну. Але так было цікавей. Зараз дарогі ў Расіі не такія дрэнныя, як пра іх кажуць, таму на матацыкле даехаць даволі проста. Але мы простых шляхоў не шукалі, таму паехалі на скутэрах.

Еўрарадыё: Колькі кіламетраў складае гэты маршрут?

Ганна Казловіч: Крыху больш за 11 тысяч. У нас не было задачы даехаць як мага хутчэй, мы хацелі пабачыць Расію, пабачыць, як жывуць людзі, пагутарыць з імі. Мы ў некалькіх гарадах праводзілі дзень-два, на Байкале затрымаліся крыху.

Еўрарадыё: Ці ёсьць штосьці падобнае ў расійскіх гарадах ды мястэчках і беларускіх?

Ганна Казловіч: Канешне, у Расіі крыху іншыя маштабы. У Сібіры ёсць раёны, дзе ў раённым цэнтры жыве 12 тысяч чалавек, а вакол яго на 200-300 кіламетраў няма ніякіх ні гарадоў, ні нават вёсак. Маштабы ўражваюць. Але людзі вельмі шчырыя, вельмі падобныя на беларусаў. Мы не адчувалі ніякага дыскамфорту, рознасці менталітэтаў. Канешне, мы розныя, але агульнага ў нас усё ж такі больш, чым рознага.

Еўрарадыё: Ці былі нейкія прыгоды і нечаканасці падчас падарожжа?

Ганна Казловіч: Было ўсё. Мы ехалі і ў плюс 35 і ў мінус 5. Прыгод было многа, каму такое падарожжа цікава – можна ўсё прачытаць на нашай старонцы http://vladivostok2011.blogspot.com/

Мы былі сведкамі страшнай аварыі, радасць ад сустрэчы з Ціхім акіянам – усё гэта пакінула свой адбітак.

Еўрарадыё: Кажуць, каб праверыць чалавека, трэба схадзіць з ім у паход. Вы свайго мужа праверылі, ён надзейны?

Ганна Казловіч: Надзейны. Я думаю, што ў кругасветнае падарожжа з ім можна ісці. Спадзяюся, што і са мной таксама.

Еўрарадыё: Якія ў вас далейшыя планы?

Ганна Казловіч: Дарог шмат, лепшыя дарогі толькі тыя, дзе мы яшчэ не былі. Мы не строім планаў, мы проста марым. 

Фота — vladivostok2011.blogspot.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі