Наваполацкі суд застаўся на баку чыноўніка
Яўген Парчынскі хацеў абскардзіць забарону на правядзенне акцыі да Дня Волі, падпісаную намеснікам старшыні наваполацкага гарвыканкаму Вячаславам Дурновым.
Але суд пастанавіў, што чыноўнік мае рацыю, паведамляе радыё Свабода.
Паводле Яўгена Парчынскага, аднаго з ініцыятараў стварэння грамадзкага аб’яднаньня "Вольны рэгіён", акцыю да Дня Волі забаранілі праз тое, што там меркавалася выказаць салідарнасць з палітвязнямі, пакаранымі за ўдзел у мінскіх падзеях 19 снежня. Было напісана, што мінская акцыя была "антыканстытуцыйнай". І таму выказваць салідарнасьць з затрыманымі і пакаранымі яе ўдзельнікамі забаронена.
"25 сакавіка мы ў першую чаргу збіраліся віншаваць землякоў з Днём Волі, а выказванне салідарнасці з палітзняволенымі было дадатковай нашай мэтай", - распавёў Парчынскі.
Актывіст звярнуўся ў суд, бо тлумачэнне наконт "антыканстытуцыйнасці" мінскіх падзеяў яго не задавальняе: па-першае, афіцыйнага азначэння характару мінскай акцыі ў сакавіку яшчэ не было — яе ўдзельнікаў судзілі і прызналі вінаватымі ўжо пазней. Па-другое, такой падставы для адмовы няма ў заканадаўстве аб масавых акцыях. Па-трэцяе, намеснік старшыні наваполацкага гарвыканкаму Вячаслаў Дурноў чамусьці напісаў, што абскарджваць ягонае рашэнне трэба не ў судзе , а ў аблвыканкаме, які не мае такой кампетэнцыі.
Але суддзя Алена Верташонак пастанавіла, што адмова старшыні гарвыканкаму мела пад сабой усе падставы, а пытанне наконт абскарджання ў аблвыканкаме проста праігнаравала.