NRM збіраецца ў тур па Беларусі на пошукі вакаліста

У канцы сакавіка - пачатку красавіка гурт NRM збіраецца праехацца з канцэртамі па абласных гарадах Беларусі, а таксама наведаць Беласток і Варшаву. Падчас туру музыкі будуць праводзіць конкурс-праслухоўванне ўсіх жадаючых заняць месца Лявона Вольскага. Як распавёў гітарыст калектыву Піт Паўлаў, музыкі ўжо вызначыліся з умовамі канцэртнага адбору, але пакуль не вельмі ўяўляюць яго механізм.

Піт Паўлаў: "Паветраны шар" будзе падставай для вакалістаў. Усе, хто пажадае ўдзельнічаць у конкурсе, мусяць вывучыць гэтую песню. І калі мы будзем раз'язджаць па гарадах і весях, яны будуць выходзіць на сцэну, паміж імі будуць жорстка падзеленыя словы, а NRM будзе проста граць гэтую песню. Хто горшы, хто лепшы - будзе вырашаць рэакцыя залы, а мы будзем проста ставіць у галаве "плюсікі" і "мінусікі". І яшчэ ў нас няма дакладнага адбору, каб гэта не было сто чалавек, а ўсё ж такі тры-чатыры. Магчыма, мы даручым арганізатарам на месцах зладзіць нейкія папярэднія праслухоўванні, ці што... Ну, я не ведаю! Гэта самая складаная частка – як механічна арганізаваць гэты адбор".

Музыка дадаў, што ён гатовы да таго, што новы вакаліст гурта NRM будзе значна маладзейшы за іншых музыкаў. Нават больш, ён мусіць быць маладзейшым, інакш у гэтым конкурсе няма сэнсу.

Піт Паўлаў: "Я скажу нават так: калі і будзе абраны новы вакаліст, то ён абавязкова будзе значна маладзейшы! Абавязкова! Таму што сярод нашых аднагодкаў, якія засталіся ў музыцы, я думаю, што мы ўсіх ведаем. Абіраць тады прыйдзецца, для гумару скажам, паміж Вайцюшкевічам і Варашкевічам. То бок выбар адразу пазбаўлены сэнсу".

Нагадаем, што зараз NRM працуе над новым альбомам, калі ён будзе выдадзены пакуль невядома, але ўжо запісана прыкладна палова песень. Па словах Піта Паўлава, ад папярэдніх альбомаў гучаннем гэты дыск прынцыпова адрознівацца не будзе.

Піт Паўлаў: "У нас тры перыяды ў нашым гуказапісе: першыя тры альбомы, потым былі "Тры чарапахі", "Дом культуры" – другі гук, і трэці, адрозны ад усяго папярэдняга быў "06". Зараз напэўна будзе адрознівацца таксама, але так, як адрозніваюцца альбомы адзін ад другога. Такая задача, каб кардынальна адрознівалася не ставіцца".

На "Рок-Каранацыі-2010" NRM прэзентавалі песню-прысвячэнне "АвтоРадио", якую разам з музыкамі выканала супрацоўніца станцыі Ірына Львова. Гэтая песня трапіць і новы альбом гурта, але пакуль невядома з вакалам Ірыны, ці без яго.

Піт Паўлаў: "Хутчэй за ўсё, зараз з'явіцца версія з Ірай, у Інтэрнэце з'явіцца. А ў якім выглядзе яна трапіць на альбом, я не ведаю. Я думаю, што альбомная версія можа даволі моцна адрознівацца ад гэтага сінглавага варыянту".

Дарэчы, сінгл мусіць з'явіцца ў хуткім часе. Па словах Піта, засталося запісаць гітарную партыю і зрабіць візуалізацыю песні, але гэта пытанне некалькіх дзён.

Што ж тычыцца тура, то па словах гітарыста NRM, яго можна назваць турам у падтрымку новага альбома, бо на канцэртах будзе выконвацца большая частка песень кружэлкі. Праўда, да пачатку красавіка выдаць новы альбом музыкі не паспеюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі