Якаўлеўскі: Еўразійскі саюз як процівага Еўрасаюзу - гэта смешна
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі каментуе намер расійскага прэм'ера аб'яднаць Беларусь, Казахстан і Расію ў Еўразійскі саюз.
Еўрарадыё: Уладзімір Пуцін заявіў пра тое, што мае намер стварыць Еўразійскі саюз. Як вы лічыце, ці магчымае сёння такое палітычнае ўтварэнне ці гэта проста піяр-крок Пуціна перад прэзідэнцкай гонкай?
Якаўлеўскі: “Нагадаю, гэта яго не першая такая, так бы мовіц, фішка. Упершыню калі ён быў прэзідэнтам, штосьці падобнае пад назвай Мытны саюз меркавалася стварыць яшчэ з удзелам яшчэ і Украіны. Але тады нічога не атрымалася. Тады Пуцін з новым натхненнем пачаў прасоўваць гэтую ідэю і вось на сённяшні дзень яна знаходзіцца на этапе, як нас запэўніваюць, створанага мытнага саюза. А з 2012 года гэта будзе ўжо звацца адзіная эканамічная прастора, я б яшчэ дадаў - пад пуцінскім дахам. А далей ужо – Еўразійскі саюз. Дарэчы, сама назва Еўразійскі саюз належыць не Пуціну, а Нурсултану Назарбаеву. І ўпершыню ён пра гэта гаварыў, калі я не памыляюся, ў сваім выступе-лекцыі у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, гэта было на пачатку 2000 года”.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці не зрабіў Пуцін такую працу над памылкамі? Бо мы ўжо маем саюз Расіі і Беларусі, які існуе на паперы, а практычна дзейнічае слаба.
Якаўлеўскі: “Ён не тое што слаба дзейнічае, ён увогуле віртуальны, на маю думку. А з новым саюзам крыху складаней. Справа ў тым, што гэта крок за крокам будуецца канструкцыя. І на сённяшні дзень, як называе сам Пуцін, мытны саюз - гэта вышэйшая ступень постсавецкай інтэграцыі. Іншая справа – той саюз, які будзе. Я хачу нагадаць, што яшчэ напрыканцы мінулага году Беларусь вельмі хутка ратыфікавала і Лукашэнка падпісаў усе сямнаццаць фундаментальных, базавых дакументаў на гэты конт. Ці будуць яны выконвацца – гэта іншая справа і вашае пытанне такім чынам слушнае. Мне падаецца, паўтору не адбудзецца, але ці адбудзецца тое, пра што марыць Пуцін – сказаць складана. Гэта нават не імперскія замашкі пуціна, а імперскія намеры”.
Еўрарадыё: “Як вы лічыце, ці далучыцца Украіна да гэтага еўразійскага саюзу?
Якаўлеўскі: “Не. І больш за тое, я б сказаў, што Украіну Пуцін імкнуўся і імкнецца заманіць у гэты Мытны саюз, але Януковіч адказвае, што гэта магчыма толькі па формуле 3+1, а не квартэт. Чаму? Таму што, як чакаецца, ў гэтым годзе пры старшынстве Польшчы ў Еўрасаюзе павінны фінішыраваць усе перамовы наконт зоны свабоднага гандлю з Еўрасаюзам. Сумясціць пагадненне з Еўрасаюзам з сяброўствам у Мытным саюзе немагчыма. І Україна – кажуць, у тым ліку і Януковіч, і міністр замежных справаў Грышчанка, і іншыя – яны свой выбар зрабілі. І зрабілі на карысць Еўрасаюза. А што датычыцца пуцінскага праекта, то Україна не бачыць для сябе перспектыў узаемадзейнічаць на такіх умовах, якія ставіць Пуцін”.
Еўрарадыё: Калі ў гэтым Еўразійскім саюзе з боку Еўропы будуць удзельнічаць Беларусь і Расея, то з боку Азіі хто гэта можа быць, апроч Казахстана?
Якаўлеўскі: “Тут увогуле цікавыя рэчы. Напрыклад, вельмі хоча Кыргызстан. Але Кыргызстан, дарэчы як і Україна, з’яўляецца сябрам Сусветнай гандлёвай арганізацыі. І не зусім зразумела, як гэта можна будзе сумясціць. Я кажу ўсё ж пра цяперашнюю ступень – пра Мытны саюз. Што датычыцца Еўразійскага саюза – гэта ідэя, а матэрыялізацыя…. Таджыкістан таксама хоча далучыцца, ну і што? Хоча, але як гэта матэрыялізаваць? І разглядаць гэта як альтэрнатыву або канкурэнта Еўрасаюзу – проста смешна. Мы ўжо бачылі такую альтэрнатыву, напрыклад, НАТА. Я маю на ўвазе АДКБ. НАТА не тое што не спужалася, а напрыклад, Кыргызстан, будучы сябрам АДКБ, звярнуўся менавіта да НАТА, а не да АДКБ знастойлівай просьбай узмацніць сваю мяжу з Афганістанам. Гэта такі маленькі прыклад”.