“Пазітыўнае” маўчанне Макея

З высокай трыбуны ў Брусэлі калегі нагадалі беларускаму міністру замежных спраў Уладзіміру Макею пра “пытанне беларускіх палітзняволеных”. У тым, як сябе павеў у гэтай сітуацыі беларускі чыноўнік, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус убачыў пазітыў.



“У адрозненне ад таго, што было раней, не было ніякіх пярэчанняў. Можа, прамаўчаў у гэтым месцы, але гэта лепш, чым пярэчыць — калі большасць тых, хто выступаў, нагадалі пра пытанне палітзняволеных”, — каментуе рэакцыю Макея агенцтву BNS кіраўнік літоўскай дыпламатыі.


Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі нічога станоўчага для палітвязняў у маўчанні Макея не бачыць.



Раман Якаўлеўскі: “Маўчанне Макея можна трактаваць як пазітыў, але яно ніякім чынам не змяняе нязменную пазіцыю афіцыйнага Мінска ў дачыненні да палітзняволеных”.



Паводзіны кіраўніка беларускай дыпламатыі выглядаюць станоўчымі выключна на фоне іншых беларускіх чыноўнікаў, якія “нязменна цынічна рэагуюць на словы пра палітзняволеных”, тлумачыць палітолаг Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс.



Віціс Юрконіс: “У гэтым кантэксце паводзіны Макея крыху і ўзрадавалі літоўскіх прадстаўнікоў, але я не думаю, што гэта (маўчанне Уладзіміра Макея. — заўв. Еўрарадыё) азначае нейкія перамены альбо нейкі пералом”.



Згодны з калегамі і эксперт Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзь Мошас.



Аркадзь Мошас: “Для мяне пазітыўнай навіной будзе, калі ў Беларусі не застанецца палітзняволеных — а не маўчанне міністра, які, з’яўляючыся дыпламатам, разумее, як у канкрэтнай сітуацыі неабходна сябе паводзіць. Гэта будзе доказам таго, што альбо палітычныя меры Еўрасаюза займелі нейкі эфект, альбо — што мінскія ўлады змянілі сваё стаўленне”.



Пазітыў у маўчанні беларускага міністра ў адказ на пытанне пра палітвязняў бачаць тыя, хто хоча хоць такім чынам апраўдаць рашэнне аб зняцці з Макея забароны на ўезд у ЕС, упэўнены Мошас.



І нават тое, што было сказана ў кулуарах “не для прэсы”, мала што зменіць у адносінах паміж Мінскам і Брусэлем, упэўнены Раман Якаўлеўскі.



Раман Якаўлеўскі: “Макей увогуле прыхільнік канспіратыўнай дыпламатыі. І, магчыма, у неафіцыйных размовах ён нешта “закідваў”, але, на маю думку, гэта — звычайная гульня”.



Нават у вызваленні ад пакарання за Плошчу Ірыны Халіп эксперт не бачыць пачатку паляпшэння сітуацыі.



Аркадзь Мошас: “З моманту выбараў прайшло два з паловай гады, сітуацыя суцішылася. Думаю, улада ўяўляе сабе — да якой ступені яна кантралюе ўсе рухі існуючай патэнцыйнай апазіцыі. Зыходзячы з гэтага, рэжым будзе прымаць рашэнне наконт таго, як далей сябе паводзіць адносна палітзняволеных”.



Тое, што палітвязні пачынаюць выходзіць на свабоду ў выніку заканчэння тэрміна зняволення, не азначае, што само пытанне палітычных асуджаных у Беларусі вырашаецца, папярэджвае Віціс Юрконіс. Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не паляпшаецца, сцвярджае эксперт, а гэта стварае небяспеку з’яўлення новых вязняў. Суразмоўцы Еўрарадыё перасцерагаюць Еўрасаюз ад даверлівасці 2009-2010 гадоў. Калі абяцанні рэформ з Мінска былі ўспрынятыя Брусэлем як гарантыя зменаў у краіне.

Фота: belport.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі