Расследаванне па факце выбуху можа быць завершанае на працягу двух месяцаў
Такую думку выказаў 15 красавіка журналістам генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч.
Генпракурор зазначыў, што злачынства ў сталічным метро дапамагло раскрыць следства па справе аб выбуху, які адбыўся ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў Мінску, паведамляе Першы тэлеканал.
Як паведаміў Васілевіч, праз працэдуру дактыласкапіі прайшлі больш як 2 млн. чалавек. Аднак адпячаткі галоўнага падазронага па цяперашняй справе не ўтрымліваліся ў базе звестак. Калі б гэтага чалавека ўдалося дактыласкапіраваць, то тэрарыстычнага акта 11 красавіка не адбылося б, таму што адбіткі былі на другім выбуховым прыстасаванні, якое ў 2008 годзе не спрацавала, паведамляе БелаПАН.
Цяпер менавіта дактыласкапія дае магчымасць следству звязаць выбух каля стэлы ў Мінску ў 2008 годзе і тэракт на станцыі метро "Кастрычніцкая" ў красавіку 2011 года.
"Апрача прызнання ўсё сведчыць пра тое, што гэты чалавек у 2008 годзе ажыццявіў той выбух", — растлумачыў генпракурор.