Ці адпавядае Канстытуцыі Дэкрэт “аб забароне на звальненні”?
Патрабаваць праверыць прэзідэнцкі дэкрэт на канстытуцыйнасць могуць шэсць суб’ектаў. Але ўсе яны маўчаць.
Кіраўнік краіны працягвае турнэ па дрэваапрацоўчых прадпрыемствах з Дэкрэтам №9. А Еўрарадыё даведваецца, ці праходзіў гэты дэкрэт тэст на адпаведнасць Канстытуцыі. Пацвердзіць заканадаўчы акт можа толькі Канстытуцыйны суд. Але ў выпадку з прэзідэнцкім дэкрэтам не ўсё так проста, тлумачыць Еўрарадыё прадстаўнік Канстытуцыйнага суда Васіль Селядзеўскі.
Васіль Селядзеўскі: “У Канстытуцыйнага суда няма права з уласнай ініцыятывы распачынаць справу па канстытуцыйнасці”.
Праверыць на адпаведнасць Канстытуцыі прэзідэнцкі дэкрэт суддзі могуць, толькі калі да іх з адпаведным запытам звернецца сам кіраўнік краіны, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны ці Вышэйшы гаспадарчы суды або ўрад.
Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў сумняваецца ў верагоднасці такога звароту сенатараў у Канстытуцыйны суд.
Анатоль Рубінаў: “Сенатары — усе людзі “ад жыцця”, усе канкрэтнай справай займаюцца. Таму я не думаю, што яны зараз будуць займацца гэтым пытаннем. Ёсць тут нейкі метад націску. Так, гэты метад, можна сказаць, надзвычайны. Але і сітуацыя надзвычайная! І яна не надоўга”.
"А як жа прававая дзяржава і закон на першым месцы?" — перапытваю спікера Савета Рэспублікі. Рубінаў адказвае пра неабходнасць “разумення сітуацыі”.
Анатоль Рубінаў: “Што сёння трэба зрабіць, каб стала лепш на гэтых прадпрыемствах, людзям, якія там працуюць, для краіны — ці будзе яна атрымліваць валюту? З гэтых пазіцый трэба найперш зыходзіць. І каб людзей не крыўдзіць, ім павінна станавіцца лепш — дзеля гэтага робіцца. Але часам, каб зрабіць лепш людзям, трэба іх саміх трошкі папрыціснуць”.
Што наконт звароту ў Канстытуцыйны суд думаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, застаецца невядомым. Хтосьці з народных абраннікаў проста адмаўляецца адказваць на гэта пытанне, хтосьці — спасылаецца на некампетэнтнасць і перанакіроўвае да іншых. На адпаведны запыт Еўрарадыё з Вярхоўнага суда так і не адказалі.
Выглядае на тое, што яны таксама з “разуменнем да сітуацыі” ставяцца. Тэарэтычна, іх можна прымусіць паварушыцца — сабраць пэўную колькасць подпісаў грамадзян пад зваротам да дэпутатаў, каб тыя звярнуліся ў Канстытуцыйны суд.
“Зрабіць гэта можна, толькі каб паказаць — якія дэпутаты, які ў нас заканадаўчы орган. Не пойдуць яны супраць прэзідэнта!” — упэўнены экс-кандыдат у прэзідэнты, прафсаюзны лідар Уладзімір Ганчарык.