Спісы невыязных беларусаў у расіян абнаўляюцца раз на тыдзень
І даведка, што вас з гэтых спісаў выкраслілі, для расійскіх памежнікаў не мае ніякага значэння, калі кур'ер не паспеў іх прывезці.
Як даведалася Еўрарадыё, сёння ў спісах невыязных — каля 130 тысяч беларусаў. Там і злосныя аліментшчыкі, і ўхілісты ад службы ў войску, і іншыя, каму выезд абмежаваны судом.
І ўсе гэтыя спісы ёсць у расійскіх памежнікаў, паведамляе кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун:
“Нашы беларускія спіскі ўключаюць каля 130 тысяч. І ўсе, хто ходзіць на свабодзе (але мае абмежаванне на выезд. — Еўрарадыё), яны практычна ўсе там ёсць”.
Такім чынам, выляцець у трэцюю краіну з Масквы ў беларускіх невыязных не атрымаецца. Праўда, ёсць адно "але". Можна паспець выляцець з, да прыкладу, “Шарамецьева” ў любым накірунку, калі ад моманту ўнясення вашага прозвішча ў спісы невыязных не прайшоў тыдзень. Рэч у тым, што прыблізна столькі часу абноўленыя спісы дабіраюцца з Мінска ў Маскву кур’ерскай поштай.
Аляксей Бягун: “Накіроўваем туды інфармацыю не па электронных каналах сувязі. Тыдзень, можа, ідзе — пакуль жа гэтая пошта, пакуль усё”.
Але гэта сістэма нараджае іншую праблему. Калі вас у Беларусі ўжо са спісу выключылі, то расіянам пра гэта стане вядома таксама не раней як праз тыдзень. І вас нікуды не выпусцяць, пра гэта папярэджваюць Еўрарадыё расійскія памежнікі.
Памежнікі “Шарамецьева”: “Да таго часу, пакуль нам не паступіць інфармацыя, пакуль у адносінах да вас будзе старая інфармацыя і вас не здымуць, зразумела, нікуды не паляціце”.
Еўрарадыё: “Ці дастаткова мне будзе ўзяць з сабой паперу з нашага Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, засведчаную пячаткамі?”
Памежнікі “Шарамецьева”: “Хоць дзесяць пячатак — не, вядома!”
Дарэчы, з такой жа праблемай сутыкаюцца і невыязныя расіяне, спісы якіх маюць беларускія памежнікі. Таму, супакойвае Аляксей Бягун, зараз распрацоўваецца адпаведнае пагадненне, каб спісы абнаўляліся без затрымкі.
Аляксей Бягун: “Мы зараз рыхтуем міжведамасны пратакол па гэтым пытанні, які будзе дакладна рэгламентаваць, калі яго здымаць. Каб расіяне не скардзіліся, што кагосьці не прапусцілі праз мяжу. Пытанне ж не толькі ў тым, каб своечасова ў спіс паставіць — але каб і зняць. А то некаторых ставяць, а зняць забываюць. Яны прыязджаюць да нас з рашэннямі суда, што ў іх ужо ўсё знята, а мы кажам: “А ён у базе дадзеных невыязных замежнікаў!” Тое ж тычыцца і беларусаў там (у Расіі. — Еўрарадыё)”.
Палітыка Станіслава Шушкевіча завярнулі з беларуска-літоўскай мяжы 18 сакавіка. І штамп адпаведны ў пашпарт паставілі, распавядае ён Еўрарадыё. Але ўжо 22 сакавіка Шушкевіч выляцеў... з Вільні ў Вашынгтон! Патрапіў палітык у суседнюю краіну праз Расію. Магчыма, Шушкевіч паспеў праскочыць памежны кантроль да таго моманту, пакуль база беларускіх невыязных у расіян не абнавілася, а расійскі памежнік не заўважыў у пашпарце палітыка штамп “У выездзе адмоўлена”.