У Кіеве і Мінску ялінкі штучныя, а ў Вільні і Рызе жывыя (фота)
Як выглядаюць галоўныя святочныя ялінкі ў розных краінах?
У Мінску на Кастрычніцкай плошчы паставілі ялінку — конус. Падобная была ў Кіеве летась, але яна не задаволіла гараджан. Таму сёлета ялінка зноў штучная але больш падобная на дрэва. А ў Брусэлі замест ялінкі кубічная інсталяцыя. А як выглядаюць калядныя ялінкі ў розных сталіцах?
У Рызе тры ялінкі абрала асабіста кіраўніцтва горада. Адна ялінка стаіць на Дамской плошчы, яшчэ адна на ўзбярэжнай, трэцяя ў двары дзіцячай клінічнай бальніцы. А на Ратушнай плошчы стаіць прэзідэнцкая ялінка. Агні гарадской ялінкі запальваў мэр Ніл Ушакоў пад спецэфекты і феерверкі. А агні на Ратушнай плошчы запальваў прэзідэнт Латвіі. Агулам на святочны дэкор сталіцы Латвіі аддалі больш за 200 тысяч долараў.
Самая высокая ялінка Прыбалтыкі ў 25 метраў з'явілася ў Вільні на кафедральнай плошчы. Канструкцыя ялінкі металічная але галінкі з сапраўднай елкі. Агні на галоўнай ялінцы Літвы запалілі пад воплескі натоўпу, які сабраўся паглядзець на гэта. Мэр Вільні Артурас Зуокас сказаў, што сёлета ялінка не толькі самая высокая але і эканамічная - расход на асвятленне 2,8 кВт, гэта можна параўнаць з расходам двух гарбатнікаў ці пыласоса.
У Варшаве на замкавай плошчы стаіць 27-метровая ялінка. Агні на ёй таксама запаліла мэр горада Ганна Гранкевіч-Вальтз. Ялінка ўпрыгожаная тысячай лямпаў, таксама святочная ілюмінацыя расцягнулася па вуліцах і старым горадзе. Але ў Польшчы абмяркоўваюць высокі кошт прыгажосці. Самі лямпачкі каштавалі каля 1,5 мільёна долараў, а расход на электрычнасць будзе не меней за 10 тысяч.
У Кіеве на майдане Незалежнасці стаіць 35-метровая галоўная святочная ялінка. Яе ў дзень Святога Мікалая запаліў кіраўнік гарадской адміністрацыі Аляксандр Папоў. Запальванне ялінкі адбывалася пад феерверк. У мінулым годзе з галоўнай ялінкай Кіева быў скандал. Яна выглядала, як роўны конус, зусім не падобны на дрэва. Яе нават параўноўвалі з ракетай і марозівам. Сёлета ялінка таксама штучная, але яе дызайн створаны з улікам пажаданняў гараджан, бо быў праведзены конкурс на лепшую прапанову.
А вось у Брусэлі сёлета вычварыліся і увогуле замест ялінкі ўсталявалі інсталяцыю з кубоў. Мясцовыя жыхары былі настолькі незадаволеныя, што праводзілі мітынгі, пад анлайн-петыцыяй падпісаліся больш за 11 тысяч чалавек. А гарадскія улады патлумачылі, што гэта інсталяцыя паказвае авангардны характар Брусэля, хаця людзі мяркуюць, што ад сапраўднай ялінкі адмовіліся, каб не абразіць мусульман.
Амерыканцы вырашылі не адыходзіць ад традыцый і паставілі натуральную каларадскую блакітную яліну вышынёй 8,5 метра. Яе запаліў прэзідэнт Барак Абама. Таксама ў Нью-Йорку з'явілася яліна 24 метры. 30 тысяч рознакаляровых лямпачак на яе апраналі 2 тыдні. На верхавіну апранулі крышталёвую зорку ад "Swarowski".
У Лондане на Трафальгарскай плошчы па традыцыі паставілі жывую ялінку, якую з 1947 прывозяць з Нарвегіі, як падарунак нарвежцаў Брытаніі за падтрымку ў час другой сусветнай вайны. Упрыгожаная яна па-нарвежску сотнямі белых агеньчыкаў.
У Італіі галоўнай можна лічыць 24-метровую ялінку на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. Яе даверылі запаліць хлопчыку Марыё. Традыцыю ставіць ялінкі распачаў у 1982 годзе Папа Ян Павел II. Пасля Калядаў гэтае дрэва не выкінуць. Яго выкарыстаюць для дзіцячых лялек.
Фота: cturhan, PAP, euroradio.fm, diena.lt