У краіне 39 кантралюючых органаў

121219_lukashuk_kontrolery.mp3

Віцебскі губернатар Аляксандр Косінец знайшоў “непатрэбных” чыноўнікаў, за кошт якіх можна правесці скарачэнне дзяржапарата. “Апарат кантралюючых арганізацый неабходна скараціць на 30%”,удакладняе Косінец.


“Працуем без продыху!” — упэўнівае Еўрарадыё супрацоўнік Пінскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.


Пінскі камітэт дзяржкантролю: “У нас ненармаваны працоўны дзень — пакуль не зроблена праца. Супрацоўнікі ў асноўным знаходзяцца на праверках, у асноўным — па-за межамі Пінска. Часам даводзіцца працаваць пасля 18!”.


Тым не менш свабодных вакансій у Пінскіх кантралёраў няма. І, мяркуючы па ўсім, там працуюць сапраўдныя працаголікі: за пяць гадоў, упэўнівае суразмоўца Еўрарадыё, у іх не было ніякай “цякучасці кадраў”! І штучна яе ўтвараць не трэба.


Пінскі камітэт дзяржкантролю: “Зыходзячы з таго, якія задачы перад намі пастаўленыя, я лічу, што скарачаць не варта”.


Праверкі, паводле слоў віцебскага губернатара, сёння праводзяць усе: і Камітэт дзяржкантролю, і ўпраўленне кантролю аблвыканкама, і Упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС, і ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў. А эфект, сцвярджае Косінец, ад іх працы невялікі.


І сапраўды, калі непадрыхтаваны чалавек паглядзіць пералік кантралюючых органаў у прэзідэнцкім указе №510, то будзе вельмі ўражаны — іх у нас… 39! Ад МУС і Мінфіна да Мінспорту і Нацбанка з Нацыянальнай акадэміяй навук. Праўда, кантралюючымі органамі ў чыстым выглядзе з’яўляюцца найперш структуры Дзяржкантролю. Начальнік Рэчыцкага міжраённага аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў Мікалай Маісеенка разважае, што будзе, калі Камітэта дзяржкантролю не будзе.


Мікалай Маісеенка: “Калі прыбраць кантралюючыя органы — поўная свабода дзеянняў. Плюс — саюз з Расіяй. Нас захіне і алкаголь “палёны”, і тытунь, і абмывальнікі шкла аўтамабільныя — трэба гэта стрымліваць. А хто гэта будзе рабіць? Я думаю, што таварыш Косінец наўрад ці будзе гэта асабіста стрымліваць!”.


Як гэта не дзіўна, але сэнсу ў скарачэнні кантралёраў не бачыць нават лідар грамадскага аб'яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.


Анатоль Шумчанка: “Ну, скароцяць іх, і будзе 5 чалавек сядзець. Але калі зараз дзесяць чалавек павінны пакласці 100 рублёў у бюджэт і калі іх стане 5, то 100 рублёў усё адно трэба будзе пакласці! І бізнесу ад такога скарачэння лягчэй не стане, бо ўсё адно трэба будзе аддаць 100 рублёў некаму”.


У бюджэт загадзя закладаецца колькасць штрафаў. На 2013 год ён ужо зацверджаны, і перапісваць бюджэт пад скарочаную колькасць кантралёраў ніхто не будзе, упэўнены Шумчанка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі