У СІЗА КДБ пусцілі адвакатаў да ўсіх затрыманых, акрамя Някляева і Халіп

Ужо некалькі дзён у СІЗА КДБ знаходзяцца пяць экс-кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераныя асобы і актывісты іх выбарчых штабоў. Агулам — каля двух дзясяткаў чалавек. Як стала вядома Еўрарадыё, да гэтага часу не з усімі затрыманымі удалося сустрэцца іх адвакатам, а сваякам — перадаць рэчы першай неабходнасці.

Так, у сераду раніцай у прыёмным пакоі следчага ізалятара КДБ адмовіліся прыняць перадачу для Уладзіміра Някляева, якую яму прынесла жонка Вольга.

Вольга Някляева: “З перадачай у нас тут узніклі праблемы. Адразу адмовілі, сказалі, што “не паложана”. Я датэлефанавалася да следчага — ён сказаў, што трэба яшчэ раз падыйсці ў прыёмны пакой і першай неабходнасці рэчы яны павінны ўзяць. І што я павінна настойваць. Яны адфутбольваюць мяне ад аднаго да другога. Зараз я пайду разбірацца”.

Але і на другі раз прымаць перадачу адмовіліся. Паводле словаў Вольгі, ні яна, ні адвакат Тамара Сідарэнка да гэтага часу не сустракаліся з экс-кандыдатам у прэзідэнты Уладзімірам Някляевым. Як паведаміла сама адвакат Тамара Сідарэнка, для такіх сустрэч у КДБ ёсць толькі два пакоі, і яны з раніцы былі пастаянна занятыя. Але, кажа, яна вярнулася ў КДБ пасля заканчэння абедзеннага перапынку і будзе чакаць магчымасці сустрэцца з Някляевым столькі, колькі будзе патрэбна.

Сёння ж, расказала Еўрарадыё Наста Рымашэўская, перадаць перадачу Віталю спрабавалі яго маці і цешча. Але — безвынікова. Праўда, адвакату дазволілі прысутнічаць на допыце палітыка.

Адвакат Алеся Міхалевіча, які ўжо сустрэўся з кандыдатам, параіў жонцы палітыка Мілане пакуль не насіць свайму мужу перадачы ў СІЗА КДБ. І патлумачыў гэта тым, што пакуль нявызначаны яго статус.

Мілана Міхалевіч: “Адвакат параіў мне гэтага не рабіць (не насіць перадачы мужу — ЕРБ), а дачакацца якіх-небудзь новых звестак. Таму што, тэарэтычна, час, калі яго могуць трымаць без пераводу ў статус абвінавачанага, заканчваецца ў чацвер, каля 4-й раніцы. Проста ёсць сэнс пачакаць і даведацца, што будзе далей”.

Быў у КДБ у сераду і бацька Ірыны Халіп Уладзімір. Нягледзячы на тое, што следчы дазволіў аднесці перадачу, яе не прынялі. Дарэчы, толькі пасля размовы са следчым бацьку Ірыны прызналіся ў аддзеле прапускоў КДБ, што яго дачка сапраўды знаходзіцца ў іх.

Уладзімір Халіп: “Пасля настойлівых спроб звязацца з яе следчым і пасля таго, як ён перагаварыў з дзяжурным, у КДБ высветлілася, што яна ўсё ж такі там ёсць. І мне было дазволена сёння прынесці ёй перадачу. Я сабраў цёплыя рэчы, бо адвакат мне сказаў, што там вельмі халодна ў камеры і што ў яе няма нават прадметаў асабістай гігіены, нават зубной шчоткі няма. Мы пайшлі сёння. Нас там сустрэлі вельмі дзіўным “кардонам”, які нам патлумачыў, што ніякіх перадач для Ірыны прыняць не могуць, бо яна знаходзіцца ў статусе затрыманай. А прымаць перадачы можна толькі пасля таго, як яе перавядуць у статус арыштаванай”.

Затое з Ірынай удалося сустрэцца адвакату. Згодна з яго словамі, Ірына выглядае стомленай, але не зламанай.

Сустрэўся 20 снежня з Андрэем Саннікавым і яго адвакат Павел Сапелка. Паводле яго словаў, экс-кандыдат выглядае “як моцна пабіты чалавек”. А вось перадаць палітыку рэчы першай неабходнасці яго маці не дазволілі і сёння, 22 снежня. Калі, кажа адвакат, магчыма чарговая сустрэча з Саннікавым, ён пакуль не ведае.

Дазволілі перадаць у СІЗА КДБ рэчы першай неабходнасці і экс-кандыдату ў прэзідэнты Міколу Статкевічу, але адмовіліся прымаць для перадачы ваду. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сябра яго выбарчага штаба Сяргей Марцалеў.

Сяргей Марцалеў: “Мы сёння падрыхтавалі Мікалаю перадачу разам з калегамі. Паколькі ён галадае, то паспрабавалі перадаць яму 10 літраў вады, але ваду не прынялі. А рэчы першай неабходнасці яны перадалі: і туалетныя прылады, і цёплыя рэчы. Гэта мы яму сёння, зразумела, перадалі”.

Паводле словаў Марцалева, 21 снежня адвакат у прысутнасці следчага сустракаўся з Міколам Статкевічам. Але той быў нешматслоўны, адмовіўся даваць любыя паказанні следчым і пацвердзіў, што абвясціў галадоўку.

У маці Наталлі Радзінай прынялі цёплыя рэчы і рэчы першай неабходнасці, якія яна сёння прынесла дачцэ ў СІЗА КДБ, але адмовіліся прымаць ежу.

Пра гэта жанчына распавяла Еўрарадыё пасля вяртання з КДБ.

Надзея Радзіна: “Прадукты яшчэ нельга — кажуць, толькі пасля трох сутак утрымання, а вось астатнія неабходныя рэчы ўсе перадала”.

Па словах маці, ні яна, ні адвакат пакуль з Наталляй не сустракаліся. Але адвакат паабяцала, што будзе дамагацца сустрэчы з Радзінай яшчэ сёння. Праўда, не ўпэўненая, што гэта ёй удасца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі