Зянон Пазняк: Някляеў не адзінокі. За ім — уся Беларусь і ўвесь свет
Зянон Пазняк лічыць, што сваякі Някляева, Саюз пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр мусяць падаць заяву ў Генеральную пракуратуру
аб завядзенні крымінальнай справы па факту ўзброенага нападзення на паэта і кандыдата ў прэзідэнты Някляева з мэтай забойства, паколькі ўдары наносіліся ў жыццёва важныя органы, і пасля таго, як Някляеў страціў прытомнасць, нападнікі зніклі, перадае Радыё Свабода.
Пазняк лічыць, што крымінальная справа мусіць быць заведзеная таксама па факту выкрадання параненага Някляева з рэанімацыі групай неапазнаных асобаў.
Пазняк адзначае, што ўжо вядома, што напад выконвала дзяржаўная спецгрупа "Алмаз". Напад і спроба забойства адбылася ў прысутнасці прадстаўнікоў міліцыі ДАІ, адзначае Пазняк. Следства пракуратуры павінна высветліць, якім чынам Някляеў апынуўся ў турме КДБ без паказання законных падставаў на яго зняволенне, лічыць Пазняк.
Да крымінальнай адказнасці павінны быць прыцягнутыя таксама дзяжурны лекар і медсястра за пасобніцтва злачынству і змову з выкрадальнікамі Някляева, сцвярджае палітык.
"Трэба пакласці канец уладнаму бандытызму ў Беларусі. Заяву Генеральнаму пракурору трэба б было падаць яшчэ ўчора. Нельга даваць апамятацца спраўцам злачынства. Яны цэлы тыдзень цягнулі час, падраблялі (трэба думаць) дакументы і ліхаманкава шукалі выйсце, як выблытацца з таго, што натварылі, бо зразумелі, што Някляеў не адзінокі. За ім – уся Беларусь і ўвесь свет. І свет сочыць", - заявіў Пазняк.