Самы дарагі гатэльны нумар краіны — прэзідэнцкі люкс у President Hotel за 2,4 тысячы долараў
Гэта ўдвая даражэй, чым у іншых мінскіх гатэлях. Пакуль там пабываў толькі Аляксандр Лукашэнка.
“Гэта шыкоўны нумар, па плошчы ён большы за іншыя такія ж нумары, якія ёсць у мінскіх гатэлях”, — апісваюць мне перавагі прэзідэнцкага люксу ў President Hotel. Суткі ў такім нумары каштуюць 2,4 тысяч долараў!
Кошты з сайта гатэля
Параўноўваем гэтыя кошты з іншымі віп-гатэлямі ў Мінску.
Двухпавярховы нумар на 179 квадратных метраў з трыма тэлевізарамі, джакузі і асабістым ліфтам у Сrowne Plaza каштуе ў раёне тысячы еўра за суткі. І жадаючых хапае!
"Попыт ёсць, такі ж, як на іншыя нумары", — адразу кажуць у Сrowne Plaza.
Пра высокіх гасцей, якія аддаюць за суткі такія грошы не кажуць — “кодэкс канфідэнцыйнасці забараняе”. Але вядома, што ў гэтым гатэлі жыла Джэніфер Лопэс і футбалісты нямецкай "Баварыі".
У пяцізоркавай гасцініцы “Еўропа” трохпакаёвы прэзідэнцкі люкс каштуе 1.100 еўра. У нумары — жывапіс на сценах і балкон з відам на Верхні горад. У гэтай гасцініцы, напрыклад, спыняўся “доктар Хаус” — Хью Лоры.
А вось у трохзоркавай гасцініцы “Планета” можна спыніцца за 95 долараў. Тут адразу называюць вядомых пастаяльцаў:
“У нас калектыў “Серебро” спыняўся, Патрысія Каас, цяпер Нюша жыве ў нас. Акцёры ў асноўным дарагія люксы абіраюць”.
Самы дарагі віп-нумар “Планеты” каштуе… 709 долараў за суткі! Самы танны нумар у прэзідэнцкім гатэлі — 300 долараў.
Як даведалася Еўрарадыё, у President Hotel пакуль спыніўся толькі сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў. І нават не ў прэзідэнцкім люксе. Іншых высокіх гасцей у самым дарагім на сёння гатэлі не прыгадваюць.
Дарэчы, у Віленскім пяцізоркавым Kempinski Hotel Cathedral Square прэзідэнцкі люкс каштуе 3 тысячы еўра. Даражэй, за самы дарагі гатэль у Мінску.
Фота: belta.by