Санстанцыя зачыняе цэх symbal.by праз "пагрозу нацыянальнай бяспецы"
Кампанія symbal.by атрымала прадпісанне зачыніць цэх, дзе выраблялася яе прадукцыя. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў дырэктар крамы Павел Белавус.
Па яго словах, 17 чэрвеня ў цэх, які вырабляе прадукцыю для symbal.by, прыйшлі з праверкай супрацоўнікі міліцыі і Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Цэнтральнага раёна Мінска.
"Па выніках праверкі мы атрымалі патрабаванне з 18 чэрвеня прыпыніць працу вытворчасці да ліквідацыі парушэнняў. У дакуменце, дзе на дзве старонкі распісаныя парушэнні, якія проста нерэальна ўсе выканаць нікому і ніколі, напісана, што нашая дзейнасць "создает угрозу национальной безопасности, причинения вреда жизни и здоровью населения, окружающей среде", — распавёў Белавус.
Дакумент падпісаны галоўным санітарным урачом Цэнтральнага раёна Мінска А.Сярэдзічам.
Белавус кажа, што з гэтай прычыны кампанія фізічна і тэхнічна не можа аператыўна выканаць тысячы замоў. Найперш гаворка ідзе аб прадукцыію з дызайнам "ПСІХОЗ%", якая апошнім часам карыстаецца вялікім попытам. Таму ў продажы застанецца толькі тое, што зараз рэальна ёсць у наяўнасці ў краме.
Як распавядала Еўрарадыё, 12 чэрвеня міліцыянты затрымалі кур'ера, які вёз цішоткі з надпісам "ПСІХОЗ%" у краму, і канфіскавалі больш за 400 цішотак. 15 чэрвеня ў краму прыйшла праверка з падатковай і аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Яны забралі частку бухгалтарскіх дакументаў. Краме пагражалі адміністрацыйнай справай за парушэнне правілаў перавозкі матэрыяльных каштоўнасцяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.