Савіных: Калі закладніца насамрэч беларуска, будзем яе выцягваць

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Андрэй Савіных.



Савіных: “Уважліва вывучаем усе абставіны з’яўлення гэтага матэрыялу. Задзейнічаная наша амбасада ў Сірыі і іншыя кантакты. Калі пацвердзіцца, што яна насамрэч беларуская грамадзянка, то нам яе адтуль неабходна будзе выцягваць”.



І вырашаць гэтую задачу неабходна будзе нягледзячы на тое, што ў Сірыі другі год ідзе грамадзянская вайна. Бо, кажа Савіных, тут “пытанне чалавечага жыцця, і ў гэтым пытанні ніякіх кампрамісаў быць не можа”.



Нагадаю, відэа, дзе дзяўчына называе сябе беларускай Святланай Маркіяновіч і прызнаецца ў шпіёнстве на карысць шыіцкай групоўкі "Хезбалах", з’явілася на YouTube 9 жніўня. Не выключана, што Святлана Маркіяновіч сапраўды з’яўляецца жыхаркай Жодзіна. Якім чынам яна магла трапіць у Сірыю, хто яе туды накіраваў і чым яна там займалася — невядома.



Сітуацыю ўскладняе тое, што партызаны, праціўнікі Асада, уяўляюць сабой кангламерат разнародных сілаў. Сярод іх дзейнічаюць як атрады дэзерціраў з сірыйскай арміі, так і тэрарыстычныя ячэйкі, звязаныя з "Аль-Каідай", а таксама проста крымінальныя банды. А ліванская групоўка "Хезбалах", у шпіёнстве на карысць якой пад дуламі аўтаматаў прызнаецца дзяўчына, выступае на баку ўладаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі