СБ: Па справе “Белага легіёна” распачалі новую крымінальную справу
Па справе “Белага легіёна” (“справе патрыётаў”) распачынаецца новая крымінальная справа. Артыкул 287 КК — “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”. У Беларусі гэта адбываецца ўпершыню, піша газета “СБ. Беларусь сегодня”, якая змяшчае вялікі матэрыял на гэтую тэму. Адзначаецца, што “следства высвятляе факты па стварэнні глыбока заканспіраванай арганізацыі з дакладнай іерархіяй, жорсткай дысцыплінай, аб’яднанай ідэалагічнай асновай, узбраеннем”. Падкрэсліваецца, што “артыкул — вельмі і вельмі строгі”. Кіраўніцтва “незаконным узброеным фармаваннем” ці ўдзел у ім караецца абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Абвінавачанне па гэтым артыкуле выставілі 20 чалавекам.
СБ піша, што па справе аб падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў” праходзіць 35 чалавек. 17 з іх выставілі абвінавачанне, яны арыштаваныя. Яшчэ 18 чалавек знаходзяцца ў статусе падазраваных. Згаданыя 20 чалавек з ліку гэтых 35-ці.
У публікацыі “Аддзела расследаванняў” сцвярджаецца, што заява пра самароспуск “Белага легіёна” быў спробай “перахітрыць спецслужбы”. Нібыта, ад самага пачатку арганізацыя стваралася “як нелегальная структура” і яна магла “прачнуцца” ў любы момант”. Згадваецца і яе “пастаянная сувязь” з Мікалаем Статкевічам. Нібыта, ён спадзяваўся, што легіянеры стануць яго “асабістай гвардыяй”. Таксама адзначаецца, што раней “Легіён” знаходзіў спачуванне ў асобных афіцэраў сілавых структур”. Згадваецца бабруйскі клуб “Патрыёт”, пад прыкрыццём якога, нібыта, “ішла спецпадрыхтоўка і падтрымка баявой формы “легіянераў”. КДБ стаў фіксаваць аднаўленне цэнтралізаваных палявых збораў “легіянераў” у 2014 годзе. А ў сакавіку сёлета спецслужбе стала вядома пра іх кантакт з маладафронтаўцамі, сцвярджае выданне.
У публікацыі таксама сцвярджаецца, што сябры “Белага легіёна”, якія знаходзяцца за кратамі, моцна трымаюцца, некаторыя з іх маўчаць. Прыводзяцца фрагменты з паказанняў асобных затрыманых.
Змешчаны ліст невядомай “грамадзянкі Германіі з беларускімі каранямі”, якая “папярэдзіла” ўлады Беларусі пра нейкую правакацыю, што рыхтавалася на 25 сакавіка ў Мінску. І КДБ адрэагаваў на гэты “сігнал”, пачаліся затрыманні, ператрусы і г. д.
Падкрэсліваецца таксама, што беларускія сілавікі нанеслі два ўдары. Першы — па аўтарах “Рэгнума”, удар па “Белым легіёне” быў другім. Цалкам артыкул гл. тут.