Шапуцька: 14 лютага мы пройдзем шэсцем з бенгальскімі агнямі і феерверкамі

Зарэгістраваная ў Чэхіі арганізацыя "Малады фронт" мяркуе зладзіць 14 лютага па-сапраўднаму святочнае шэсце. Пра гэта Еўрарадыё распавяла намесніца старшыні арганізацыі Таццяна Шапуцька. Шапуцька: Хочам зрабіць гэтае шэсце святочным. І магчыма, там будуць бенгальскія агні, феерверк... Каб гэта ўспрымалася такое невялікае сапраўды святочнае шэсце, а ня нейкае імкненне кудысьці замазацца.

14 лютага мусіць адбыцца традыцыйнае шэсце, прымеркаванае да Дня святога Валянціна. “Акцыя Любові” пачнецца а 18-й гадзіне на плошчы Свабоды ля Мінскай Ратушы. Потым маладафронтаўцы плануюць прайсці шэсцем да плошчы Незалежнасці.

На яе пачатку мяркуецца зладзіць невялікі канцэрт. Як адзначыла Таццяна Шапуцька ў каментары Еўрарадыё, перамовы з выступоўцамі яшчэ вядуцца, таму канкрэтных імёнаў яна пакуль назваць не змагла. Пасля канцэрту святочнае шэсце пройдзе да Чырвонага касцёла.

Нагадаем, спярша "Малады фронт" збіраўся ладзіць уручэнне прэміі "Люблю Беларусь" заміж вулічнага шэсця. Аднак гатэль Crown Plaza касаваў дамову на арэнду залы, дзе мелася адбыцца цырымонія. Іншага памяшкання арганізацыя не змагла арэндаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі